26 гадоў таму выйшла першая серыя мультфільма «Сімпсаны»

26 гадоў таму, 17 снежня 1989 года, у эфіры амерыканскага тэлеканала «FOX» выйшла першая серыя мультфільма «Сімпсаны».



simpsons.jpg

Крыху раней, у 1987 годзе, у праграме «Шоў Трэйсі Ульман» была прадстаўлена першая міні-серыя стужкі пад назвай «Good night» («Добрай ночы»). Варта адзначыць, што больш за два гады мультфільм выходзіў у эфір у складзе шоў. Пасля ўдалага пракату стваральнікі стужкі вырашылі перавесці яе ў поўны фармат, падрыхтаваўшы адразу некалькі серый працягласцю каля 20 хвілін.

Ідэя стварэння мультфільма ўзнікла ў папулярнага стваральніка коміксаў Мэта Грэйнінга. Грэйнінг хацеў адлюстраваць у новай стужцы жыццё сярэднестатыстычнай амерыканскай сям’і. Вядома, што персанажы сям’і Сімпсан былі названыя ў гонар членаў сям’і самога Мэта Грэйнінга.

Зараз мультфільм карыстаецца папулярнасцю прыкладна ў 100 краінах свету. Характэрна, што стужка змагла знайсці свайго гледача нават у ААЭ. Улады дзяржавы дазволілі паказ мультфільма ў 2005 годзе пры ўмове, што «Сімпсаны» будуць адаптаваныя пад асновы мясцовага грамадства. У прыватнасці, пры трансляцыі мультфільма ў Эміратах з яго выразаюцца эпізоды, дзе героі ядуць бекон або распіваюць спіртныя напоі, паколькі гэта цалкам супярэчыць ісламскім законам.

БелТА