Міхал Анемпадыстаў
1. Кася Камоцкая — «Мая краіна»
Песня «Мая краіна» ў выкананні Касі Камоцкай стала гімнам для цэлага пакалення беларусаў, а напісана яна была менавіта Міхалам Анемпадыставым. Праз такую песню, як гэтая, людзі прыходзілі і прыходзяць у беларушчыну. Адной такой песні дастаткова, каб увайсці ў гісторыю беларускай музыкі, але Міхал стварыў значна больш.
2. Народны альбом — «Простыя словы»
Песня, якая ўвайшла ў легендарны «Народны альбом», пэўна, з’яўляецца самай папулярнай на словы Міхала Анемпадыстава. Словы песні можна пачуць як на беларускім тэлебачанні ў рэкламе, так і ў выкананні самых розных беларускіх выканаўцаў — для беларусаў яна стала сапраўды народнай. Хіба вы не чулі гэтых радкоў з песні?
Простыя словы, простыя рэчы:
Хлеб на стале, полымя ў печы —
Гэта так проста, гэта так добра,
Як з галавою залезці пад коўдру.
3. Крамбамбуля — «Марскі чалавек»
Адзіная песня з альбому «Каралі раёну» гурта «Крамбамбуля», якую цалкам выканаў Аляксандр Кулінковіч, і ў яго гэта цудоўна атрымалася. Яшчэ адна асаблівасць Міхала — што ён мог складаць файныя песні для розных выканаўцаў, пры гэтым ён добра адчуваў, каму гэтая песня падыдзе, то-бок пісаў для канкрэтнага выканаўцы.
4. IQ48 — «Святло ў цемры»
Гурт «IQ48» мае ў сваёй скарбонцы некалькі песень на словы Міхала, але ў гэтай падборцы выбар спыніўся на песні
«Святло ў цемры». Песня, якая дае надзею і веру, абуджае да жыцця і годных спраў.
Цемра хоча, каб ціха сядзелі па норах,
Каб палохаў газетны шолах,
Каб са страху нам замкнула мову,
Каб забыліся простыя словы.
Толькі гэтак не будзе, браце,
Каб нам у норах са страху памерці!
Ніколі цемра святла не згасіць!
Святло ў цемры заўсёды свеціць!
5. Народны альбом — «Кантрабандыст»
Адным з самых значных праектаў Міхала Анемпадыстава з’яўляецца «Народны альбом». У гэтым музычным праекце ў Міхала атрымалася стварыць міфічны рамантычны свет, альтэрнатыўны савецкаму. Адной з галоўных песень гэтага праекта з’яўляецца «Кантрабандыст» у выкананні Касі Камоцкай.