Раней на яго месцы быў «Мірны атам». Незвычайная гісторыя помніка Якубу Коласу

Быў арыштаваны па абвінавачанні ў рэвалюцыйнай дзейнасці, скіраванай на ліквідацыю дзеючага дзяржаўнага ладу. Тры гады адсядзеў на Валадарцы. Не, гэта не хронікі палітвязняў Беларусі, гэта жыццё Якуба Коласа. У дзень памяці пісьменніка нагадваем вам гісторыю помніка песняру, што быў урачыста адкрыты 3 лістапада 1972-га ў Мінску.

kolas_jakub.jpg


Знаходзячыся на плошчы ягонага імя, каля помніка, што выпраменьвае супакой, ня так проста ўявіць чалавека, які ў запале мог быць арганізатарам нелегальных сходаў інтэлігенцыі, дзе яны абмяркоўвалі тое, як бы зрынуць рэжым.

Не будзем забываць, хто быў родным дзядзькам Якуба Коласа: братам маці паэта зьяўляўся Язэп Лёсік, кіраўнік ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, фактычны кіраўнік дзяржавы.

Якуб Колас памёр за сваім працоўным сталом 13 жніўня 1956 года. У гэтым жа годзе Камароўскую плошчу ў Менску перайменавалі ў гонар песьняра. На плошчы з 1965 па 1972 гады знаходзілася зусім іншая мэталічная кампазыцыя з назовам «Мірны атам», прысьвечаная дасягненьням савецкае навукі. Якім чынам гэта спалучалася з Якубам Коласам у галовах тых, хто быў адказны за пасьляваеннае ўпрыгожаньне сталіцы — застаецца толькі здагадвацца.

«Мірны атам»

«Мірны атам»

На наступным здымку на пярэднім пляне ідзе будаўніцтва жылога дома завода «Ударнік», зьлева — паліграфкамбінат (яшчэ бяз вежы), наперадзе — Інстытут фізкультуры. Усходні бок Камароўскай плошчы яшчэ не забудаваны, праспэкт тут мае выразны выгіб, пасьля ліквідаваны.

1953.jpg

Плошча Якуба Коласа набыла свой канчатковы выгляд. Фотаздымак першай паловы 1960-х гадоў. На жылым доме завода «Ударнік» стаіць рэклямная канструкцыя «Міжгароднія размовы з кватэрных тэлефонаў у крэдыт».

1960.jpg

Выгляд у бок Інстытуту фізкультуры. Адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць на плошчы помніка Якубу Коласу.

1961.jpg

Фотаздымак першай паловы 1950-х гадоў. Бачны Інстытут фізкультуры, які ўзвышаецца манумэнтальным палацам па-над драўлянымі халупамі.

1953.jpg

У 1972 годзе, акурат на 90-ю гадавіну з дня народзінаў Якуба Коласа, на плошчы было скінутае покрыва, што хавала помнік, безь якога, натуральна, ужо ня зможаш успрымаць Менск.

kolas_2_1.jpg

Аўтар — знакаміты скульптар Заір Азгур. Паэта і скульптара доўгія гады зьвязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. Азгур ня раз ляпіў Коласа з натуры: плястычныя партрэты, створаныя Азгурам, датуюцца 1924, 1939, 1949 і 1959 гадамі. Даваенныя бюсты, на жаль, не захаваліся. Дасьледчыкам вядома, што пры стварэньні мемарыялу на плошчы Азгур узяў за аснову паўфігуру паэта, якую ляпіў з натуры ў 1949 годзе.


Глядзіце таксама

У 1960-я пасьля некалькіх тураў конкурсу вызначыліся дзьве найбольш цікавыя прапановы — Заіра Азгура і Сяргея Селіханава. Сяргей Селіханаў прапанаваў паставіць на плошчы статую Коласа ў сымбалічным вобразе сейбіта. Ды і ў самога Азгура, апрача таго, што ўвасоблены ў жыцьцё, былі распрацаваныя некалькі розных варыянтаў помніка. Напрыклад, такі: Колас стаіць, прыхіліўшыся да дрэва, з капелюшом у руцэ. Альбо яшчэ адзін — Колас абапіраецца на кіёк. Спыніліся на шматфігурнай трохчастковай кампазыцыі — Якуб Колас сярод герояў сваіх літаратурных твораў. Аўтарамі яго выступалі скульптар Заір Азгур і мастак-архітэктар Георгі Заборскі. Праўда, Заборскі браў удзел толькі ў пачатковай стадыі распрацоўкі праекту, а стваралі помнік сумесна з Азгурам архітэктары Юры Градаў і Леанід Левін.

«На доўгай плошчы імя Якуба Коласа — прадаўгаватае, мэтраў на 45 азярцо, абрамленае дзікім каменьнем, тымі валунамі, што трапілі на нашу беларускую зямлю яшчэ ў ледавіковы пэрыяд. А ў цэнтры, на тым баку, якім гэтая плошча мяжуе з вуліцай Якуба Коласа, павінен узвышацца вялізны валун, глыба, на якой павінна сядзець жывая, ня меншая глыба — гэта сам Колас», — так абгрунтоўваў Азгур сваю задуму.


Па абодва бакі ад помніка — плястычныя кампазыцыі «Дзед Талаш» і «Сымон-музыка». 

Якуб Колас і дзед Талаш

Якуб Колас і дзед Талаш

Сымон-музыка і Ганка ўвасабляюць лірычны бок Коласа, а выведнік Панас з партызанам дзедам Талашом — гераічны.

3 лістапада 1972 году на ўрачыстую цырымонію адкрыцьця помніка Якубу Коласу на плошчы, што носіць ягонае імя, сабраліся шматлікія зоркі літаратуры: Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Максім Лужанін.

Цікавы факт: у год адкрыцьця непадалёк ад помніка былі высаджаныя маладыя бярозы і вербы. Праз гады некаторыя з дрэваў прыйшлося ссекчы і выкарчаваць, бо іх карані дабраліся да мэтрапалітэна.

Існуе легенда, што на пачатку перабудовы, калі простаму савецкаму чалавеку слова «бомж» было яшчэ ў навіну, у нішы пад статуяй паэта міліцыя знайшла замаскіраваную начлежку менскіх валацугаў.


Глядзіце таксама

У 2000-я ля помніка былі ўсталяваныя фантаны.

Мясцовыя дагэтуль кажуць «сустрэнемся на ЯКу», «на ЯКах будзеш?». А закаханыя прызначаюць спатканьні ля левага бота паэта.

У дзень сьмерці Якуб Колас напісаў ліст у вышэйшыя органы партыі, у якім выказаў занепакоенасьць станам беларускай мовы, прадказаў яе заняпад. Ліст доўгія гады быў засакрэчаны. Вось невялікі фрагмэнт зь яго:

«Установы сталіцы вывелі з абыходу беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльдаў і надпісаў, мала беларускіх афішаў і плакатаў. Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны зьдзек зь яе. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўленьня, пастаноўкі націскаў, мова засьмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з  рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газэтчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газэтных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газэты і часопісы: «прадстаячы», «маючыйся», «кіруемы» і іншыя страхападобныя словы».

Здаецца, якраз нагода перачытаць «Новую зямлю» і «Сымона-музыку».