А-Fest: піва, ежа, сусветныя зоркі і прысвячэнне Куллінковічу
У Лошыцкім парку 11 жніўня ў трэці раз адбыўся А-Fest — свята піва, ежы і музыкі ў лепшых еўрапейскіх традыцыях. Так-так, гэта быў той рэдкі выпадак, калі ў грамадскім месцы можна было беспакарана піць піва на вачах у міліцыі.

Зрэшты, далёка не толькі гэтым адзначыўся оўпэн-эйр, які традыцыйна ладзіць бровар «Аліварыя». Свята парадавала добрай арганізацыяй, вялікай колькасцю наведвальнікаў і сусветна вядомымі музычнымі хэдлайнерамі.
Фестываль паказаў, што беларусы навучыліся адпачываць сем’ямі. Бацькі прыходзілі з дзецьмі, і гэта не замінала тусавацца і добра бавіць час усім. З малымі можна было не толькі гуляць і танчыць каля сцэны: упершыню на А-Fest’е зладзілі цэлую дзіцячую пляцоўку. Тут можна было расфарбаваць пано ў чалавечы рост, пабудаваць міні-завод з лега, размаляваць твар аква-грымам.

А ўвогуле на фестывалі працавала ажно тры дзясяткі забаўляльных пляцовак з самымі рознымі актыўнасцямі: бокс-хакей, футбол, валейбол, піўное даміно, эстафеты на піўную тэматыку. Для аматараў больш спакойнага адпачынку працавалі зоны з размалёўваннем паштовак, «жывапісу» з хмелю, там жа можна было наведаць міні-музей піва, а інтэлектуалы маглі выпрабаваць сябе ў мазгабойні.

На свяце працаваў аграмадны фудкорт памерам з хакейную пляцоўку, дзе наведвальнікі радавалі свае страўнікі шаўрмой, бургерамі, хот-догамі, роламі, нагетсамі, мясам на грылі і яшчэ шмат якім стрыт-фудам, запіваючы яго півам, квасам і іншымі напоямі. Але ж як ні стараліся арганізатары, пазбегнуць чэргаў па ежу ўсё ж не ўдалося, асабліва ў другую палову дня, калі наплыў гасцей свята значна павялічыўся. Затое для зручнасці гледачоў канцэрт можна было глядзець наўпрост з фудкорта дзякуючы вялікаму экрану, усталяванаму на вышыні амаль двух паверхаў.

Адной з «фішак» сёлетняга фэсту стала правядзенне майстар-класаў па прыгатаванні бургераў на аснове піва на адкрытай кухні пад кіраўніцтвам Аляксандра Чыкілеўскага, які ўзначальвае Гільдыю шэф-кухараў Беларусі.
Майстар-клас па прыгатаванні гамбургера на аснове піва
Музычную праграму адкрыў беларускі бэнд Тanin Jazz, салістка якога Таццяна Гарошка распавяла, што спецыяльна для фэсту падрыхтавала новую праграму.


Тanin Jazz
Працягнулі заводзіць публіку, якой цягам дня ўсё большала, магілёўцы з гурта Bez Not

...і касмічная Mustelide


Ля сцэны станавілася ўсё гарачэй, і не толькі праз спёку: гурт :B:N парадаваў сваіх прыхільнікаў дзевяццю песнямі з новага альбому, а таксама «старымі баевічкамі».

А «старажылы» А-Fest’у Akute, якія выступалі тут ужо другі раз, прадставілі новую песню «Для мяне».

Беларускі хэдлайнер фэста «Без Білета» таксама выканаў некалькі песень са свежага альбому, а адну з кампазіцый Віталь Артыст праспяваў з поп-спявачкай Ганнай Шаркуновай. А песню «Аляска» гурт прысвяціў «хулігану і генію» Аляксандру Куллінковічу, якога не стала тыдзень таму.

Але ж самае «смачнае» — выступы замежных хэдлайнераў — пакінулі на дэсерт. Упершыню ў Мінску выступіў француз Ян Дэсталь з гурта Modjo (вы ведаеце яго хаця б па гэтай кампазіцыі).

І яшчэ адна сусветная зорка — спявачка, мадэль, бізнес-вумэн і мама чатырох сыноў брытанка Софі Эліс-Бекстар завітала на сцэну ў Лошыцкім парку.

Леташні А-фэст цягам дня наведалі 150 000 чалавек, і сёлета чакалі не менш — прынамсі, на ўсёй паляне перад галоўнай сцэнай не было вольнага месца, а да выхаду з парка трэба было праціскацца. Бадай, за выключэннем натоўпаў міліцыі, А-Fest сапраўды можна параўноўваць з найлепшымі еўрапейскімі оўпэн-эйрамі.
Фота аўтаркі