«А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца...» Ганна Севярынец напісала верш пра пратэсты

Верш пра сённяшнія падзеі ад Ганны Севярынец, які яна апублікавала ў сябе ў фэйсбуку.

121303129_10221609056849356_5724952507802583624_o.jpg


Можа, і ёсць канстытуцыі, што пішуцца не на вуліцах. Над іхнымі фармулёўкамі плыве кабінетны пах. А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца, На дахах, на вежах, на комінах, на стэлах і на мастах.
Над нашае канстытуцыяй сухі і гарачы вецер: “Не забі”, “не хлусі”, “не лжэсведчы”, “блізкага – палюбі”. У ёй свішча і б’е наводмаш туга гефсіманскага вецця: На што ты пакінуў, ойча? На што ты мяне пакі…
Няшмат на крыжовым дрэве месца для канстытуцый. Тут пішацца хутка і ёміста, у напрузе дрыжыць рука: “Ня бойся”, “ня плач”, “не выпрошвай”, “не спрабуй азірнуцца”,“Ня кідай адных таварышаў”, “цісні ў машыне гудка”.
Можа, у вас – на паперы. У нас – на бінтах і кашулях. Па беламу-беламу полю чырвонаю паласой, Па тратуарнай плітцы, па трансфарматарнай будцы, Па плоце вакол Акрэсціна, па лоджыях у Баравой.  
І вам не злічыць Галгофаў, паўстанняў і рэвалюцый, Як не злічыць ніколі вачніц Курапацкіх ям, Дзе мы напісалі навечна артыкулы канстытуцыі, Па якой мы збіраемся выжыць — і жыць насуперак вам.