«Абуджэнне розуму»: вялікая канферэнцыя TEDxMinsk-2019

У Мінску адбудзецца лакальная канферэнцыя TEDxMinsk. Мерапрыемства пройдзе пад слоганам «Абуджэнне розуму» (Awakening of the Mind) на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 30 сакавіка. У гэтым годзе, юбілейным для руху TEDx, канферэнцыя праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра — кампаніі velcom.

tedxminsk_2019_banner_450x625.jpg


Канферэнцыі TEDx — лакальныя мерапрыемствы, арганізаваныя па стандартах і ліцэнзіі глабальнага TED, — праводзяцца па ўсім свеце з 2009 года. Ужо другі год падобная падзея ў беларускай сталіцы праходзіць у рамках пашыранай ліцэнзіі з правам выкарыстоўваць імя горада ў назве і магчымасцю запрасіць да 1000 гледачоў, перад якімі ў якасці спікераў выступяць аўтары яркіх ідэй, здольных змяніць жыццё да лепшага, а таму вартых распаўсюджання. Арганізатары канферэнцыі — каманда валанцёраў на чале з ліцэнзіятам TEDxMinsk Інай Карней — ужо гатовыя агучыць імёны некаторых з іх.

Свой удзел у TEDxMinsk-2019 пацвердзілі як замежныя, так і беларускія спікеры. На канферэнцыі ў Мінску выступяць прафесар псіхалогіі City University of New York беларуска Анастасія Ліпневіч, пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь брытанец Алекс Крэмер, расійска-ізраільская пісьменніца, тэарэтык моды Лінор Гаралік. Чакаецца, што на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра сваімі ідэямі падзеляцца нэйраанатам, дацэнт кафедры нармальнай анатоміі БДМУ Андрэй Сокал, рэжысёр, арганізатар фестывалю SPRAVA Мацвей Сабураў, аматар бегу Мікіта Сыскоў. Спіс спікераў будзе дапаўняцца.

«Місія TED-руху па ўсім свеце — шукаць, збіраць і прасоўваць рашэнні і ідэі, здольныя даць людзям і грамадству імпульс да развіцця і пазітыўных змен на самых розных узроўнях, ад лакальнага да глабальнага. Чалавечы розум — самы магутны інструмент, здольны ў літаральным сэнсе перайначваць існуючую рэальнасць. Часам дастаткова аднаго штуршка, каб накіраваць схаваныя ў ім рэсурсы ў стваральную плынь. Упэўненая, што цяперашняя канферэнцыя TEDxMinsk для многіх слухачоў стане такім штуршком і крыніцай натхнення для ўласных ідэй», — адзначыла ліцэнзіят TEDxMinsk Iна Карней.

Першапачаткова тэмы выступаў на канферэнцыях у фармаце TED абмяжоўваліся трымя кірункамі: тэхналогіі, забавы, дызайн (Technology, Entertainment, Design). З цягам часу тэматыка канферэнцый пашырылася: сёння яны знаёмяць людзей з усяго свету з перадавымі ідэямі ў самых розных галінах навукі, культуры, бізнесу і іншых напрамкаў дзейнасці чалавека. Выступы на TEDx-канферэнцыях адрознівае асаблівы фармат: 18-хвілінная творчая прэзентацыя ідэі адным аўтарам, мэта якой — стварыць яркае, натхняючае аўдыторыю інтэлектуальнае шоў.

Рух TEDx у Беларусі ахоплівае ўсё больш беларусаў і праходзіць у новых фарматах. За апошнія два гады прайшлі некалькі невялікіх мерапрыемстваў TEDxMinskSalon, канферэнцыя для жанчын TEDxMinskWomen. Новы фармат 2019 года — канферэнцыя для старшакласнікаў TEDxYouth@Minsk у маі ў рамках маштабнага адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Дзесяць яго фіналістаў атрымаюць магчымасць дадаткова палепшыць свае навыкі выступлення з персанальнымі ментарамі з ліку спікераў і арганізатараў канферэнцый TEDx, каб выступіць перад вялікай аўдыторыяй на беларускай мове на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Квіткі на TEDxMinsk можна будзе набыць з 18 лютага 2019 года на сэрвісе Bezkassira.by.