Абвешчаны пераможца прэміі імя Міхала Анемпадыстава
Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбургу Грыгорый Кацнэльсон, які зрабіў вокладку да беларускага перакладу «Віленскага покера» Рычарда Гавяліса, піша Радыё Свабода. Сябры журы адзначылі ягоную працу за свежы погляд на кніжны дызайн, паведамляецца на фб-старонцы прэміі.
Грыгорый Кацнэльсон — мастак, графік, афармляе кнігі ўласнага выдавецтва «Асф-АльтЪ ИЗДАТ», як ілюстратар супрацоўнічае з піцерскім часопісам «ЧИЖ И ЁЖ» ды іншымі выданнямі. Падчас працы над вокладкай да «Віленскага покера» ён стварыў шэсць мастацка-графічных варыянтаў, творы экспанаваліся на фэстывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». За яго прэмію атрымаў выдавец Ігар Логвінаў.
На прэмію намінаваліся больш за 60 кніг, фіналістамі сталі:
Анатоль Лазар — Чарльз Букоўскі «Чытво», выдавецтва «Логвінаў»;
Аляксандр Лучына — VEHA «Найлепшы бок», выдавецтва «Янушкевіч»;
Арцём Масюкевіч — Святлана Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдавецтва «Логвінаў»;
Агата Пойзан — укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтар «Вясна»;
Анастасія Стальмахова — Вольга Шпарага «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт;
Святлана Татарнікава — Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва «Медыял»;
Сяргей Шаматульскі — Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва «Логвінаў»;
Уладзіслава Юрчанка — Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС», выдавецтва «Галіяфы.
У журы ўвайшлі пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнэр Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнэрка Алена Дашкевіч, дызайнэр Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнэра, паэта, фатографа, культуролага, які пайшоў з жыцьця год таму. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнэраў і «Лятучым універсытэтам», а таксама польскім партнэрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генэральным партнэрам выступіў незалежны тэлеканал «Белсат», прэмія ладзіцца ў межах грамадзкай кампаніі «Беларускамоўныя».
svaboda.org