Распачаўся прыём заявак на Конкурс «Экслібрыс» імя Анатоля Сыса

У год, калі Анатолю Сысу споўнілася б 60 гадоў, ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" абвяшчае пра пачатак прыёму прац на конкурс для маладых літаратараў «Экслібрыс». Сёлета конкурс будзе прысвечаны паэтычным творам.

c7e0c04e82d7d97a045fff9e4ff1a720__1_.jpg


Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца паэты ва ўзросце да 35 гадоў. Увага: да разгляду прымаюцца толькі тэксты, не апублікаваныя ў друку.
У журы сёлетняга конкурсу ўвайшлі: Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Таццяна Нядбай, Уладзімір Сцяпан.
Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc(.docx) да 1 кастрычніка 2019 года на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста “Конкурс”. У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка, кантактны нумар тэлефона і e-mail.
Падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца ўвосень, да юбілею Анатоля Сыса. Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў”, дадатку “Літаратурная Беларусь” пры газеце “Новы Час”.
За ходам конкурсу сачыце на сайце http://lit-bel.org/.
Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. У 1977 годзе ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсытэта імя Ф. Скарыны, які скончыў у 1982 годзе. У 1985 годзе Сыс пераехаў у Менск, дзе працаваў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачанні. У 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваныя ў рэчыцкай раённай газэце «Дняпровец». У 1986 падборка вершаў Анатоля Сыса была надрукаваная ў часопісе «Маладосць». У 1987 годзе Сыс быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых літаратараў «Тутэйшыя». Памёр у 2005 годзе. Пры жыцці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).
Штогадовы конкурс для маладых літаратараў "Экслібрыс" заснаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў 7 год таму і штораз мае новую тэму. Першы ў 2012 годзе быў прысвечаны класікам-юбілярам беларускай літаратуры Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову, другі (2013) — Янку Маўру, трэці (2014) — Аляксандру Уласаву, чацвёрты (2015) — Рыгору Барадуліну, пяты (2016) — Антону Луцкевічу, шосты (2017) -- 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і Францішку Скарыну. У 2018 годзе «Экслібрыс» быў прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паводле прэс-службы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"