Ад Мэльеса да Кітана. У Гродна беларускія музыкі агучылі класіку нямога кіно
Жывая музыка дапоўніла нямое кіно мінулага стагоддзя. Фестываль “Кинемо” ў другі раз прайшоў у Гродна 19 – 21 чэрвеня.
У гэтым годзе ўдалося развесці “Кинемо” і Grodno Jazz, таму две фестывалі, якія вылучаюцца інтэлігентным музычным зместам, ужо не канкуравалі паміж сабой. Склад музыкаў не мог не парадаваць аматараў сучаснай беларускай імправізацыйнай музыкі: чаго варта адно толькі імя Віктара Сямашкі на афішах. Чакалі гарадзенцы і нью-джазавых Pafnutiy’s Dreams. Гурт, як і летась, патрапіў пад невялікі дожджык, але гледачам і слухачам гэта не вельмі замінала — сагравала кава ад суседняй кавярні “Просто кофе”.
Гарадзенцы пабачылі “Імігранта” Чарлі Чапліна, дзве стужкі Бастэра Кітана першай паловы 20-х, першы навукова-фантастычны фільм “Падарожжа на Месяц” Жоржа Мэльеса (на жаль, з гіганцкай спадчыны французскага візіянера да нас дайшло няшмат), а таксама мантажны фільм Міхаіла Каўфмана “Вясной”, у якім можна пабачыць штодзённае жыццё савецкага Кіева кацна 20-х.
“Кинемо” пачалося тры гады таму ў Мінску, а з мінулага году ўлетку наведваецца і ў іншыя гарады. Арганізатары фестывалю ў кожным з рэгіёнаў краіны запрашаюць да ўдзелу мясцовых музыкаў. Гэтак, год таму ў якасці сучасных тапераў выступіў гурт “Раса мечтателей”, а гэтым разам Гродна прадстаўляў вядомы калекцыянер вінілу і дзіджэй Шмольц. Яго абстрактная музыка выдатна паклалася на відэашэраг Каўфмана.
Арганізатары “Кинемо”: праект Cinemascope і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў.
Ірына Новік, Твой стыль