Адкрыццё Гродзенскага тэатра лялек адмянілі
Урачыстая цырымонія, запланаваная на 19 снежня, напярэдадні адмененая без тлумачэння прычын. Пра гэта стала вядома менш чым за суткі да планаванай падзеі. Кіраўніцтва тэатра сітуацыю не каментуе, аднак вядома, што ў самім тэатры да афіцыйнага мерапрыемства ўсё гатова.
Гродзенскі лялечны тэатр прыняты ў эксплуатацыю ўсімі службамі, хаця і з актамі дапрацоўкі. Для гледачоў ён адкрыўся 18 снежня: учора адбыўся першы навагодні спектакль і дзіцячы ранішнік «Тэленавагодзія».
Урачыста адкрыць рэканструяваны будынак сёння павінны былі прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра і дырэктарка тэатра лялек Валянціна Цыганец.
У госці чакалі першых асоб міністэрства культуры, старшынь усіх аблвыканкамаў, прадстаўнікоў буйных гродзенскіх прадпрыемстваў, замежных гасцей.
Гісторыю найстарэйшага тэатральнага будынка Беларусі павінны быў распавесці актор у вобразе Антонія Тызенгаўза. Пасля экскурсіі па тэатры планаваўся паказ «Пікавай дамы» — спектакля-лаўрэата II Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Лепшы спектакль года».