Адкрытая прэм'ера першага «народнага» спектакля «Опіум» у арт-прасторы «Верх»

29 і 30 траўня ў арт-прасторы «Верх» адбудзецца адкрытая прэм'ера спектакля «Опіум». Спектакль, які апавядае пра «героя нашага часу», стаў першым паспяховым тэатральным праектам, які сабраў грошы на пастаноўку з дапамогай глядацкага фінансавання на краудфандынгавай пляцоўцы «Вулей».

afisha_opium.jpg


«Опіум» ужо паказвалі мінскай публіцы ў красавіку, але ўбачылі яго толькі «су-аўтары» — гледачы, якія падтрымалі праект падчас кампаніі па зборы сродкаў. Цяпер купіць квіткі і паглядзець «самую сумленную» пастаноўку 2016 года змогуць усе ахвочыя, якія дасягнулі 18 гадоў (ўзроставае абмежаванне — неабходнасць, паколькі ў спектаклі прысутнічае ненарматыўная лексіка).


Таксама «Опіум» стаў адным з удзельнікаў Беларусь Open беларускай праграмы Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт», які ў шосты раз пройдзе восенню ў Мінску.
Рэжысёр спектакля — Аляксандр Марчанка, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, а таксама выязной лабараторыі для маладых драматургаў на базе ЦБД, упершыню пазнаёміўся з п'есай Віталя Каралева падчас яе стварэння: тэкст напісаны на IV драматургічнай лабараторыі, якая праходзіла вясной 2015 года. П'еса напісана ў жанры мак’юментары або псеўдадакументалізма, якому ўласцівая імітацыя рэальных падзей. У сучасным Рагачове жыве звычайная беларуская сям'я, дзе маці хварэе, старэйшы сын толькі што страціў працу, малодшаму трэба паступаць ва ўніверсітэт, а грошай катастрафічна не стае. Старэйшы сын прымае рашэнне ехаць ва Украіну, каб зарабіць грошай, рыючы траншэі на поле ваенных дзеянняў.
Паводле інфармацыі арганізатараў. Фота:  Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн"