Адмысловы свет Манюшкі вачыма юных мастакоў з Смілавіч

Арт-цэнтр «Вулей» у Смілавічах запрашае на выставу сваіх выхаванцаў «Станіслаў Манюшка: музыка ў душы і вобразах».

Сядзіба Манюшкаў у Смілавічах, аўтар Мікола Волкаў, commons.wikimedia.org

Сядзіба Манюшкаў у Смілавічах, аўтар Мікола Волкаў, commons.wikimedia.org

Абысці 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі юным мастакам з «Вулля» было немагчыма. Смілавічы, Убель – малая радзіма вялікага кампазітара, яго родныя мясціны, дзе ён нарадзіўся і жыў першыя гады свайго дзяцінства. На жаль, няма ўжо ні яго роднай сядзібы, ні касцёла ў Смілавічах, дзе яго хрысцілі, але застаўся парк і рэшткі палаца, дзе Станіслаў Манюшка гасцяваў у дзіцінстве ў свайго дзядзькі. Смілавічы паслужылі прататыпам палаца, дзе адбываецца дзеянне яго оперы «Страшны двор».
З першых школьных гадоў юныя мастакі чулі імя свайго славутага земляка-кампазітара. Нядаўна адзіны ў свеце музей кампазітара пакінуў Убель і атрымаў новы будынак ў Смілавічах. Навучэнцы Арт-цэнтра наведалі музей, дзе праслухалі запісы твораў кампазітара і экскурсію Ірыны Серады, якая стаяла ля вытокаў стварэння музея. Па ўражаннях ад біяграфіі і пранікнёнай музыкі Станіслава Манюшкі яны вырашылі выказаць у фарбах свае адчуванні ад творчасці і лёсу Манюшкі, намаляваць месцы, звязаныя з яго жыццём, і перш за ўсё – Смілавічы. Старэйшыя вучні, скарыстаўшыся вядомымі дагератыпамі, паспрабавалі свае сілы ў партрэтах самога кампазітара. Так з творчага вопыту нарадзілася канцэпцыя і ідэя выставы, у якой прынялі ўдзел усе без выключэння 17 выхаванцаў «Вулля».
Новая тэма – музыка ХIХ стагоддзя – запатрабавала і новых тэхнічных прыёмаў і інтэрпрэтацый. Тут і алейны жывапіс, і графічныя тэхнікі, і лямец. Кіраўнік студыі Алена Аркадзьеўна Карняенка ніяк не абмяжоўвала сродкі выказвання: хтосьці выбраў абстрактны жывапіс для эмацыйнай перадачы свайго настрою ад арганнай музыкі Манюшкі, іншыя абмежаваліся адной чорнай фарбай, хтосьці проста імправізаваў з адкрытым колерам, а нехта адлюстраваў берагі і сады роднай Волмы, якія натхнялі кампазітара. Шмат хто намаляваў Смілавіцкі старадаўні палац, які зараз рэстаўруецца.
Агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў быў створаны адмысловы свет, мастацкая прастора Манюшкі. Гэта годны падарунак нашчадкаў дзеля памяці вялікага земляка.
Выстава дэманструецца з 5 па 22 верасня. Адрас: Мінск, зав. Музычны, 5. Без выхадных з 10:00 да 17:30.