Аднойчы ноччу

Аднойчы ноччу на лепшай канцэртнай пляцоўцы сталіцы — у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі — у адзінай часавай прасторы і тэрыторыі размесціцца трыо-фэст сучаснага мастацтва «Ноч музыкі». Новы праект Ларысы Сімаковіч стартуе 23 чэрвеня

Гэта летняя ноч, як неспадзяваная высокая госця, тонкім штрыхом прапіша графіку музыкі Джона Кейджа, Арво Пярта, Піліпа Гласа, Алана Хаванэса ў выкананні амерыканскіх салістаў Крысціны Фонг (скрыпка, віяланчэль) і Міхаэля Карнацкі (кларнет).



f8da71e562ff44a2bc7edf3578c593da.jpg

Аднойчы ноччу на лепшай канцэртнай пляцоўцы сталіцы — у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі — у адзінай часавай прасторы і тэрыторыі размесціцца трыо-фэст сучаснага мастацтва «Ноч музыкі». Новы праект Ларысы Сімаковіч стартуе 23 чэрвеня
Гэта летняя ноч, як неспадзяваная высокая госця, тонкім штрыхом прапіша графіку музыкі Джона Кейджа, Арво Пярта, Піліпа Гласа, Алана Хаванэса ў выкананні амерыканскіх салістаў Крысціны Фонг (скрыпка, віяланчэль) і Міхаэля Карнацкі (кларнет).
Ноч, напоўненая мазуркамі Шапэна, абэрэкамі, куявякамі і полькамі мазавецкіх нізінаў, завершыцца «Калыханкай да Шапэна» — сумесным імправізаваным творам-прэм’ерай беларускіх кампазітараў, пакіне пачуццё здзіўлення, хараства, таемнай прывабнасці і высокага, незямнога кахання.
Танцоўшчык і яго акварэлі
«Ноч музыкі» змяшчае яркі мастацкі акцэнт. Фае Белдзяржфілармоніі пераўтворыцца ў экспазіцыю сучаснага жывапісу і графікі Беларусі, а таксама выставай акварэльных работ знакамітага танцоўшчыка сучаснасці, народнага артыста Расіі Уладзіміра Васільева.
Гэтай жа ноччу на вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі ён пакажа сваю новую харэаграфічную работу памяці Кацярыны Максімавай на музыку Ф. Шапэна. Майстар будзе на сцэне разам з салісткай Вялікага тэатра оперы і балета Расіі Дар’яй Хахловай. За раялем — беларуская піяністка, лаўрэат міжнароднага конкурсу імя Ф. Шапэна — Кацярына Матох. Пад промнямі тэатральнага святла — дзве постаці танцоўшчыкаў, крэсла і раяль.
Гучанне «Ночы музыкі»
Гэтай ноччу вы будзеце здзіўлены гучаннем шапэнаўскіх мазурак не толькі ў класічным выкананні, але і ў выкананні народных аўтэнтычных інструментаў — так, як некалі чуў іх сам Шапэн.
Вы не зможаце заснуць, бо будзеце зачаравана слухаць сумесны імправізаваны твор-прэм’еру беларускіх кампазітараў Сяргея Картэса, Віктара Капыцько, Вячаслава Кузняцова, Аляксандра Літвіноўскага, Ларысы Сімаковіч, Дзмітрыя Лыбіна і Кастуся Яськова «Калыханка да Шапэна». Выконваць гэту калыханку будзе Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора аркестра, заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова.
«Агучваць» салаўіную «ноч» рыхтуюцца не толькі птушкі. На «Ноч Музыкі» запрошаны гурт з Варшавы «ZESPОL POLSKI», Крысціна Фонг (скрыпка, віяланчэль) і Міхаэль Карнацкі (кларнет) са Злучаных Штатаў Амерыкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Мікулік, Юрый Бліноў, Кацярына Матох, Юлія Архангельская, Аляксандр Палякоў, Дзмітрый Уласюк.
Святлану Зелянкоўскую мы ўбачым у ролі Кансуэлы ў музычным спектаклі «Жорж Санд, мазурка і Шапэн», а таксама ў якасці чароўнай вядучай незвычайнай «Ночы Музыкі» разам з містэрам Х.
Да таго ж вас чакае пачастункавая філіжанка кавы і прысмакі для падзякі…
Сустрэнемся!.. Кожная ноч пачынаецца з вечара… але не кожная з музыкі!..

Віталь Супрановіч