Акцёры, што звольніліся з Купалаўскага, прэзентуюць новую прэм’еру. Дзе паглядзець?

Сёння, 30 снежня, незалежная трупа «Купалаўцы» пакажа на сваім Youtube-канале новую прэм’еру — спектакль «Войцэк. Сцэны». У ім граюць акцёры, якія летам гэтага года сышлі з Купалаўскага ў знак пратэсту супраць звальнення Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне.

kupalovskij_teatr_v_minske.jpg


Гэта не першы зварот акцёраў Купалаўскага тэатра да знакамітай п’есы Георга Бюхнера. У 2017 годзе спектакль па ёй паставіў рэжысёр Юра Дзівакоў, але ўжо праз некалькі месяцаў яго знялі з рэпертуару.

— Хто такі Войцэк? Франц Войцэк — патульны, як цялё, салдат. Служыць ён аддана і пагаджаецца на ўсё: на сумнеўныя эксперыменты шарлатана-доктара, на папрокі дурнаватага капітана, на кпіны і знявагі. Абы прынесці грошай сваёй каханай Марыі і прабаваць вольную хвіліну над калыскай сына. Аднак падзеі паступова выйсці з-пад яго і так слабога кантэлю — анансуюць купалаўцы новы праект.

Цяпер сваё прачытанне п’есы прапануе рэжысёр Раман Падаляка, стваральнік спектакляў «Радзіва Прудок» і «Першы».

— Тэкст п’есы даволі складаны і не адразу можна знайсці ды яго ключык. Для мяне гэта гісторыя простага, маленькага чалавека, які не быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіценкам. Але сістэма паступова падбіраецца і да яго ды жорстка нішчыць самое добрае, што засталася ў ягонай душы. У выніку Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсё чалавечнае ў сабе, — кажа Падаляка.

У новым праекце купалаўцаў будуць паказаны выбраныя сцэны п’есы (адсюль і назва).

— Спадзяемся, што гэта стане пралагам ды больш маштабнага тэатральнага праекта, — кажуць акцёры.

Галоўную ролю згуляе Аляксандр Казела, ролю мары будуць гуляць Кацярына Яворская, Крысціна Дробыш, Марта Голубева і Таццяна Дзянісава. Капітана ўвасобіць на сцэне Аляксандр Зелянко, Андрэаса — Александ Паўлаў і Павел Астравух, доктара — Андрэй Дробыш і Павел Паўлюць.

Аўтар сцэнаграфіі — мастак Кацярына Шымановіч, кампазітар — Эрык Арлоў-Шымкус.

Доступ да спектакля будзе адкрыты з 19 да 24 гадзін 30 снежня. Працягласць «Войцэка» — 50 хвілін. Наступны паказ адбудзецца 20 студзеня 2021 года.

Паказ бясплатны, але гледачы могуць падтрымаць купалаўцаў данатамі. Таксама можна стаць непасрэдным спонсарам Youtube-канала купалаўцаў.