Журналіст спытаў, колькі людзей выказаліся супраць памятнай дошкі БНР. Улады: Не скажам

Мінгарвыканкам не паведамляе, колькі «негатыўных зваротаў» было атрымана з нагоды магчымай устаноўкі памятнай дошкі да 100-годдзя БНР. Высветліць гэта спрабаваў журналіст Севярын Квяткоўскі. Раней водгукамі «супраць» улады тлумачылі, чаму ўстаноўка шыльды зацягнулася на 7 месяцаў.

shylda_1.jpg

У верасні сталічная мэрыя заявіла з нагоды затрымкі з устаноўкай дошкі БНР: ім паступіў «шэраг зваротаў» ад грамадзян і прадстаўнікоў грамадскасці, якім не падабаецца гэтая ідэя. Колькі чалавек звярталася і чым яны гэта тлумачаць — не ўдакладнялася.
Севярын Квяткоўскі напісаў зварот у выканкам. Паводле яго слоў, у ім было два пытанні: колькі людзей выступілі супраць і хто яны.
У адказ выканкам не паведаміў нічога новага: чыноўнікі палічылі, што інфармацыя тычыцца асабістага жыцця тых, хто звярнуўся.
«Згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, — тлумачыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні выканкама Ігара Юркевіча. — Службовыя асобы і іншыя работнікі арганізацый не маюць права выдаваць звесткі пра асабістае жыццё грамадзян без іх згоды, а таксама іншыя звесткі (…), якія сталі ім вядомы ў сувязі з разглядам зваротаў».
Выканкам зноў піша, што пытанне аб «мэтазгоднасці» ўстаноўкі дошкі знаходзіцца «на разглядзе». Дакладных дат не пазначана.
У дзень, калі было заяўлена пра «негатыўныя» водгукі, мінчане стварылі петыцыю з калектыўным зваротам за ўстаноўку дошкі. Пад ёй падпісаліся амаль 3,4 тысячы чалавек, а 3 кастрычніка дакумент ужо накіравалі ў выканкам.
Нагадаем, памятную дошку хочуць усталяваць на фасадзе дома № 9 на вуліцы Валадарскага, дзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата БНР. Дошку адлілі яшчэ 25 гадоў таму, але так і не паставілі, за гэты час яна часткова разбурылася. Напярэдадні Дня Волі ў 2018 годзе сталічныя ўлады нечакана адгукнуліся, і актывісты пачалі збор грошай і дакументаў на ўстаноўку новай да 25 сакавіка. Суму сабралі рэкордна хутка — за пару гадзін.
Вусна аргкамітэт атрымаў дабро выканкама, а выгляд гатовага выраба нават зацвердзіў мастацкі савет. Праблема ў адным: асноўны дакумент — дазвол на ўстаноўку дошкі — ніхто не выдае на рукі.
Паводле news.tut.by