Альбом «1937»: расстраляная паэзія загучала пад электроніку
Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом «1937». Пад акампанемент гітары Нарушэвіча і электроніку Бубена на ўсю краіну загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага.
![bnb_live.jpg bnb_live.jpg](/img/v1/images/bnb_live.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праграма на вершы паэтаў трыццатых была запісаная на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме «Тэрыторыя гуку» на Першым канале. Цяпер альбом даступны для праслухоўвання ў інтэрнэце.
Стваральнікі альбома кажуць: «Мы цешымся, што афіцыйная прэзентацыя адбылася на цэнтральным радыёканале, бо менавіта там мусяць гучаць нацыянальныя героі. Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожнаму з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сямей: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеда Алеся Плоткі. Сёння мы імкнемся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам».
![bnb_1937.jpg bnb_1937.jpg](/img/v1/images/bnb_1937.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Трыа Buben Naruszewicz Baisan утварылася на глебе супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з культавым электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт «Князь Мышкін») яны выдалі шэраг альбомаў. Сярод іх вылучаюцца альбомы Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і “Папяросы” – пераклад кнігі Юрко Іздрыка. У планах трыа – рэліз альбома «З нажом на Сонца» (часткі паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага) і выступ у Ракаве 30 чэрвеня.