Альбом баяніста Аляксандра Ясінскага выйшаў на вялікім брытанскім лэйбле

Альбом «Hlybini» выйшаў на Riverboat Records (Вялікабрытанія). Лэйбл з’яўляецца часткай World Music Network – буйной сусветнай сеткі, што папулярызуе world-music, фолк і эксперыментальную музыку. Альбомы беларускіх артыстаў выходзяць на такім узроўні нячаста, пагатоў дэбютныя сольныя працы.

patrick_marek__12_.jpg

Слухачы з усяго свету могуць замовіць сабе дыск ці азнаёміцца з альбомам на стрымінгавых пляцоўках.
У падтрымку альбома быў зняты анімацыйны відэакліп, рэжысёр – Андрусь Такінданг. Пазнавальны стыль беларускага мастака добра пасуе адной з эксперыментальных кампазіцый альбома (хаця ўвесь дыск і так ёсць адным вялікім эксперыментам, які ламае традыцыйныя ўяленні пра баян). Трэк «In Freedom and Dignity» быў запісаны з зоркамі арт-року — гітарыстам Ройнэ Столтам (Швецыя) і бубначом нямецкага паходжання Марка Міннеманам.

Каментуе сам Аляксандр Ясінскі:  «У альбоме, над якім я працаваў некалькі гадоў, мне хацелася паказаць свой інструмент у нетыповым кантэксце, напрыклад, запісаць у адной з кампазіцый сто партый баяна. У той жа час важным было захаваць беларускі глыбінны корань, стварыць музыку, якая і здзіўляе, і кранае адначасова. Таму альбом атрымаў назву «Глыбіні». Эксперыментальнасць у ім прысутнічае, але як частка шырокага палатна, дзе знайшлося месца і драйву, і спакою, і драме, і гульні».

patrick_marek__13_.jpg

Баяніст Аляксандр Ясінскі вядомы ў Беларусі і Чэхіі як музыка, кампазітар, удзельнік гуртоў «Razam», «Shum Davar», «Iva Marešová», «Bosae Sonca» і іншых. Жывыя выступленні Аляксандра сола і ў складзе гуртоў адзначаюцца драйвам, экспрэсіяй і жывой эмоцыяй. Як па-рознаму здольны гучаць баян, слухач можа пачуць у нядаўніх працах музыкі, такіх, як альбом «Folklore Fusions» гурта Shum «Davar» ці супольны музыкальна-паэтычны праект «Baisan & Yasinski».