«Эксперыменты з дзяўчатамі мы будзем працягваць!»

Праект гурта :B:N: «Рок’н’гёрлз», прэзентаваны нядаўна, хоць і меў поспех, але выклікаў пытанні слухачоў. Пра «фемінізацыю» творчасці :B:N: і будучыя планы мы паразмаўлялі з лідарам гурта Алесем Лютычам.

dsc04267_logo.jpg


— Алесь, слухачы ведаюць, што супрацоўніцтва з вакалісткамі — не навіна для вашага гурта. Але ці можна назваць праект «Рок’н’гёрлз» паказальным для далейшага гучання :B:N:, ці гэта спантанная творчая ініцыятыва?
— Калі ўспомніць гісторыю гурта, то мы ніколі не спявалі з дзяўчатамі на канцэртах так, каб яны рабілі гэта па-свойму. Раней у нас было два дуэты, але дзяўчаты спявалі нашы песні і ў нашай рок-манеры, так бы мовіць, пад нас. Успомнім для пракладу дуэт з Яўгеніяй «Пчолкай» Хіло ці з Кацярынай Муратавай aka «Радыстка Кэт». А ў выпадку з праграмай праекту «Рок’н’гёрлз» дзяўчаты выконвалі нашыя песні ў звыклай для іх стылістыцы — як яны гэта чуюць і хочуць выконваць.
Папросту нам цікава, як будуць гучаць нашы кампазіцыі ў іншых аранжыроўках, з іншым вакалам і інтанацыямі, як зменіцца ўспрыманне іх публікай. У выніку мы ўбачылі, што такія дуэты з беларускімі дзяўчатамі-вакалісткамі публіцы спадабаліся, і гэтыя эксперыменты ў рамках гурта :B:N: мы будзем часткова працягваць.
— Алесь, а як жа сумяшчалася вакальная манера гэтых спявачак з рок-гучаннем гурта :B:N:?
— Мы ўлічвалі вакальныя асаблівасці дзяўчат і падладжваліся пад іх вакальныя прыхільнасці. Напрыклад, спявачка Берта аддае перавагу джазаваму выкананню. І таму кампазіцыю «Крок за крокам» мы перааранжыравалі, дадалі элементаў імправізацыі, карацей, зрабілі яе гучанне больш-менш джазавым.
Наступная ўдзельніца праекту — Наста Шпакоўская. Яе выканаўчая манера адрозніваецца драматычнасцю, бо яна сама тэатральная акторка. Для сумеснага з Настай выступу мы зрабілі эксперымент: у нашу песню «Палюсы» мы ўставілі фрагмент песні гурта «Naka» «Бяжы». Атрымаўся вельмі эмацыйны і захапляльны песенны мікс, які выклікаў шмат добрых водгукаў слухачоў.
Паліна Рэспубліка, якую мы таксама запрасілі да ўдзелу ў гэтым праекце, паказала сваё бачанне нашых песень: заспявала адну з кампазіцый :B:N: у больш сучаснай, моднай аранжыроўцы, з перавагай «сінтэзаванага» электроннага гучання.
Яшчэ адзін дуэт мы зладзілі з маёй настаўніцай па вакалу Таццянай Трухан, якая рыхтуе ўдзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання». У Таццяны выдатны голас, які пасуе рок-гурту. Сведчаннем гэтаму можна назваць той факт, што Таццяна спявала на бэк-вакале ў гурта «Scorpions» падчас яго сусветнага туру. Кампазіцыя «Нас няма» з альбома «Крок за крокам» з вакалам Трухан, дзякуючы яе прафесіяналізму, набыла шчырыя, пранізлівыя ноты. Пад яе голас мы гэтую кампазіцыю выканалі пад фартэпіяна, без гітар і бубноў, каб песня стала больш лірычнай і душэўнай.

dsc04266_logo.jpg


— Ці будуць гэтыя вакалісткі ўдзельнічаць у запісе вашага новага альбому?
— Ідэя запрасіць сесійных вакалістак на запіс нашага новага альбома пакуль у стадыі абмеркавання. У нас падрыхтавана ўжо шэсць кампазіцый, і літаральна праз пару дзён мы збіраемся ў студыі, каб пачаць запіс першых дзвюх. У сакавіку-красавіку пачнём кампанію па «раскрутцы» альбома:  спачатку прэзентуем сінгл.Калі будуць гатовыя дзевяць-дзесяць трэкаў, то мы пяройдзем да стварэння канцэпцыі, зоймемся чаргаваннем трэкаў і назвай нашага новага альбому. Мы плануем, што гэтая кружэлка стане больш разнастайнай стылістычна: у ёй будзе і лірыка, і гітарны драйв, і рок-н-рол, нават духавыя інструменты, якія мы плануем увесці ў некаторыя песні. Магчыма, нешта з’явіцца і з фальклорных апрацовак.
— Ці будзеце запрашаць да ўдзелу вашага знакамітага калегу А.Мацулевіча (Tony Fadd), які ў мінулым годзе стаў адным з намінантаў на музычную прэмію «Грэмі»?
— З Антонам мы сябруем, супрацоўнічаем — запрашалі яго на канцэрт праекту «Рок’н’гёрлз». Пэўна, у дадзены момант у Антона шмат працы за акіянам: то ў Амерыку лётае, то зноў у Беларусь — да сям’і. Але ў нас ёсць планы на сумесную працу ў галіне прадзюсавання, але толькі ў выпадку, калі ў Антона будзе вольны час, і ў яго будзе цікаўнасць. Трэба разумець, што чалавек ён заняты, і ўсё будзе залежаць ад яго графіка і нашых планаў.

dsc04269_logo.jpg


— Сёння вы, Алесь, упершыню выйшлі на клубную сцэну ў якасці рок-барда. Бадай, гэта першы выпадак вашага сольнага выступу. Слухачам спадабалася. Ці чакаць працяг серыі акустычных канцэртаў і сэтаў?
— Так, гурт :B:N: будзе эксперыментаваць і акустычна. Вось сёння мяне запрасілі даць невялічкі акустычны канцэрт, але без музыкантаў гурта :B:N: І гэта амаль упершыню, калі на сцэне я знаходжуся толькі са сваёй гітарай. Адчуваю сябе гэткім бардам Алесем Лютым ці Аляксандрам Февральскім (усміхаецца).
Да таго ж, 4 сакавiка ў клубе «Графіці» адбудзецца наш акустычны канцэрт у поўным складзе. Мы выканаем нашы старыя хіты, таксама будзе нешта з новага музычнага матэрыялу. Шчыра запрашаем!