Аляксандр Крупіна зняў дакументальны фільм пра стварэнне серыяла "Вышэй за неба"

Беларускі рэжысёр Аляксандр Крупіна зняў дакументальны фільм пра стварэнне маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба". Прадзюсарам стужкі выступіў Андрэй Курэйчык, які таксама з'яўляецца аўтарам сцэнарыя гэтага серыяла. Як паведаміў БелаПАН Курэйчык, дакументальны фільм уяўляе сабой "падвядзенне вынікаў для творчай групы праекта".



1339167703.jpg

"Мы не разглядаем гэта як нейкую глабальную падзею ў сучасным мастацтве, але лічым, што "Вышэй за неба" шмат у чым унікальны праект", — сказаў ён.

На думку Курэйчыка, фільм "Вышэй за неба" падаў "новы погляд на сучаснае беларускае кіно". "Ён можа быць удалым або няўдалым, але велізарная цікавасць да яго з боку беларускай моладзі ў інтэрнэце паказала, што для многіх гэты фільм стаў сапраўдным адкрыццём, стаў любімым фільмам", — сказаў сцэнарыст.

Стужка была прызнана найлепшым беларускім фільмам 2012 года паводле версіі найбуйнейшага расійскага інфармацыйна-аналітычнага партала  Kinopoisk.ru. "Таму не грэх пра гэты фільм зрабіць яшчэ і дакументальны фільм", — лічыць Курэйчык.

Паводле яго слоў, дакументальная стужка ўключае кадры, зробленыя падчас кастынгу акцёраў, здымачнага і пасляздымачнага працэсу, расказвае пра выкарыстаную у ім музыку (песні гуртоў Akute, N.R.M., Sonica, "Ляпіс Трубяцкой").

З Праграмай развіцця ААН, якой належаць правы на фільм "Вышэй за неба", выхад дакументальнай стужкі не ўзгадняўся, бо ў ім "не выкарыстоўваліся іх матэрыялы", сказаў Курэйчык. "Мы выкарысталі тое, што здымалася асобна. І сцэнарый пісаўся асобна, і рэжысёр працаваў асобна. Яны фільм не замаўлялі, яны для яго нічога не здымалі, яны за яго не плацілі", — падкрэсліў прадзюсар.

Найбліжэйшымі днямі дакументальны фільм павінен з'явіцца ў інтэрнэце.

Нагадаем, серыял "Вышэй за неба", мэта якога — прыцягнуць увагу моладзі да праблемы ВІЧ/СНІД, быў зняты паводле замовы ПРААН у Беларусі. Сцэнарый напісаў Курэйчык, рэжысёрам выступіў Дзмітрый Марынін. Здымкі серыяла завяршыліся яшчэ мінулай зімой, аднак рэжысёра і сцэнарыста не дапусцілі да працэсу мантажу, што выклікала ў іх асцярогі наконт магчымай цэнзуры фільма. Тады здымачная група на чале з Курэйчыкам самастойна змантавала поўнаметражную версію фільма, якая, на погляд кінематаграфістаў, "адлюстроўвае мастацкую і эстэтычную канцэпцыю сцэнарыста і рэжысёра".

Нягледзячы на пратэсты замоўцы праекта — ПРААН, 8 чэрвеня рабочая версія поўнаметражнага фільма была выкладзена ў інтэрнэце, аднак аўтарская група публічна заявіла аб сваім недачыненні да гэтай падзеі.

Шматсерыйную версію "Вышэй за неба" планавалася паказаць па беларускім тэлебачанні ў канцы 2012 года, але дата рэлізу пакуль застаецца невядомай. Першая серыя была прэзентавана журналістам у чэрвені 2012 года.

Анастасія Салановіч, БелаПАН