«Амплітуда Смеласці» зняла кліп на верш Генадзя Бураўкіна
Гурт «Амплітуда Смеласці» прэзентуе кліп на акустычную версію песні «Асцярожна, лістапад», напісаную на словы аднайменага верша Генадзя Бураўкіна.
У кліпе распавядаецца звычайная жыццёвая гісторыя пра хлопца, які шукае сваё сапраўднае каханне, сваю адзіную дзяўчыну. Праз пошукі ўсе ягоныя любоўныя сувязі выкрываюцца, і толькі тады хлопец разумее, хто ёсць яго сапраўдным каханнем... Усе супадзенні з рэчаіснасцю (не)выпадковыя.
Кліп быў зняты ўлетку 2016 году. Яго асаблівасцю з'яўляецца тое, што ён быў зняты на адну камеру за 1 здымачны дзень. Рэжысёрам, аўтарам сцэнару, аператарам і рэжысёрам мантажу ў адной асобе выступае Аляксей Сапрыкін.
“Ніхто не хоча рабіць памылак у сваім жыцці, усе хочуць вучыцца на чужых памылках. Але, так здараецца, што мы робім памылкі, з-за якіх потым пакутуем усё сваё жыццё. Наш шлях можа быць розным, але, у любым разе мы мусім прыйсці да разумення таго, што ёсць для нас сапраўднае шчасце”, – кажа Аляксей пра гэты кліп.
У кліпе здымаліся: Пётр Клюеў, Паліна Мартынава, Ірэна Гацкая і Алёна Судзілоўская.
Гурт «Амплітуда Смеласці» – гэта супольнасць музыкаў, аб’яднаных любоўю да Беларусі, асаблівым музычным густам і здольнасцю эксперэментаваць у любых творчых праявах. Гурт быў створаны беларускамоўным музыкам, кампазітарам і вакалістам Пятром Клюевым. «Амплітуда смеласці» з'яўляецца ўдзельнікам 7-га сезону ўкраінскага шоў «Х-Фактор».
Паводле прэс-рэлізу