Андрусь Такінданг напісаў песню пра вайну ва Украіне
Андрусь Такінданг, уражаны тым, што пабачыў падчас пленэру беларускіх мастакоў у Песках на месце баявых дзеянняў, напісаў песню.
![takindanh_pieski.jpg takindanh_pieski.jpg](/img/v1/news/full/takindanh_pieski.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Белсат" зрабіў рэпартаж пра пленэр у Пясках. Неўзабаве ў эфіры «Белсату» адбудзецца прэмʼера рэпартажу Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў». Ён прысвечаны пленэру, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам.
Пленэр адбываўся летась у лістападзе. Рэжысёр Антось Цялежнікаў распавёў пра тое, як праходзілі здымкі рэпартажу.
«Твор Андруся Такінданга «Страляюць» паўстаў фактычна на працягу пленэру, у апошні дзень перад выездам Андрусь Такіданг паклікаў мяне і праспяваў першы куплет песні. Андрусь як творца быў вельмі ўражаны пабачаным у так званай зоне АТА ва Украіне. Свае перажыванні і пачуцці ён перадаў у гэтай песні, якая сталася музычным трэкам для майго рэпартажу», — кажа рэжысёр пра песню Андруся Такінданга.
Таксама Антось Цялежнікаў распавядае пра ўкраінскага мастака, які далучыўся ў Песках да беларускіх творцаў:
«Тарас Носар карэнны данечанін, нарадзіўся там, выкладаў у мастацкіх школах па-ўкраінску, калі туды прыйшла вайна, вымушаны быў зʼехаць і знайсці сабе прытулак у Львове. У Данецку засталася майстэрня і большасць працаў, цяпер у гэтым памяшканні фонд дапамогі «Наваросіі». Для спадара Тараса гэта быў вельмі асабісты пленэр, ён з асаблівым смуткам маляваў краявіды з разбуранымі дамамі на яго роднай зямлі, а на даляглядзе — свой Данецк, які так блізка, і так далёка за лініяй фронту.
Паехаць на пленэр — гэта быў, вядома, адважны чын з разуменнем пагрозы для жыцця, і тое, што адважылася паехаць столькі беларускіх мастакоў, шмат значыць.
Ідэяй пленэру было ўшанаванне загінулых хлопцаў з Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, а таксама іншых абаронцаў суверэнітэту Украіны. Гэта было творчае пераасэнсаванне таго, што цяпер адбываецца ва ўкраінскім Данбасе. Мастакі на ўласныя вочы пабачылі, у якіх умовах жывуць і дзейнічаюць украінскія добраахвотнікі. Пабывалі на лініі фронту ў Песках, у месцах, дзе жылі хлопцы з Тактычнай групы «Беларусь», дзе пісаў свае песні Алесь Чаркашын, дзе паранены снарадамі і кулямі кожны кавалак зямлі і будынкаў. Вынікам сталася каля 50 палотнаў што напісалі шэсць беларускіх і адзін украінскі мастак. Гэтыя працы прэзентавалі ў амбасадзе Украіны ў Менску».
Глядзіце рэпартаж «Пэндзлі замест аўтаматаў» у эфіры «Белсату» 1-га сакавіка а 21:40.