Анлайн-прэм’ера Юбілейнага канцэрта да 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла II
Адмысловы анлайн-канцэрт адбудзецца 15 траўня ў выкананні выбітнага польскага піяніста маладога пакалення Лукаша Крупіньскага і будзе прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння св. Яна Паўла II.
Канцэрт арганізаваны па ініцыятыве Польскага
Інстытута ў Мінску ў рамках святкавання Года св.Яна Паўла ІІ. Запіс канцэрта адбыўся некалькі дзён таму ў фартэпіянным
салоне ў доме вядомага польскага кампазітара Анджэя Пануфніка ў Лондане.
Прэм'ера канцэрта - на YouTube-канале
Польскага Інстытута ў Мінску па спасылцы
У праграме канцэрта прагучаць творы Фрыдэрыка Шапэна, Фелікса Мендэльсона-Бартольдзі і фартэпіянная аранжыроўка Лукаша Крупіньскага да любімай песні Святога Айца «Барка. Гасподзь аднойчы стаяў на беразе».
18 жніўня 2002 г. на Кракаўскім лузе пасля малітвы «Анёл Божы», калі людзі спявалі «Барку», Ян Павел II сказаў: «Я хачу сказаць на заканчэнне, што менавіта гэтая рэлігійная песня вяла мяне з Радзімы дваццаць тры гады таму. Яна гучала ўвушшу, калі я пачуў рашэнне канклава. З гэтай песняй я не расставаўся ўсе гэтыя гады. Яна была нейкім прыхаваным подыхам Радзімы. Была таксама правадніком на розных сцежках Касцёла. І гэта яна неаднаразова прыводзіла мяне сюды, на гэты луг, пад курган Касцюшкі...» З таго часу «Барку» шмат разоў спявалі на сустрэчах Папы з палякамі.
Лукаш Крупіньскі — пераможца VII Міжнароднага фартэпіяннага конкурсу ў Сан-Марына і лаўрэат усіх спецыяльных узнагарод: Прыза глядацкіх сімпатый, Прыза музычных крытыкаў і Прыза за найлепшае выкананне канцэрта з аркестрам (2016). Фіналіст Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Феруча Бузоні ў Бальцана (2017), а таксама ўладальнік Першых прэмій на Міжнародных конкурсах фартэпіяна ў Аахен (2016) і Гановеры (2015). У кастрычніку 2015 г. стаў паўфіналістам і апынуўся ў прэстыжнай групе дваццаці лепшых піяністаў XVII Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве.
Дэбютны альбом Лукаша Крупіньскага «Экспрэсія» выйшаў у студзені 2017 года і быў намінаваны на прэмію ICMA 2018 побач з альбомамі Крысціяна Цымермана і Яўгена Кісіна, атрымаў выдатныя водгукі, у тым ліку ў часопісе Pizzicato Magazine, MDR Kultur, Радыё «Люксембург», Радыё «Францыя» і «Грамафон».
У лютым 2018 г. артыст дэбютаваў з фантастычным канцэртам у Карнэгі Холе і атрымаў прапанову сыграць канцэрты ў Чыкагскай філармоніі і Філармоніі Буфала восенню таго ж года. У сакавіку 2018 года піяніст гастраляваў з аркестрам Santander Orchestra пад кіраўніцтвам легендарнага Лоўрэнса Фостэра. У рамках Зімніх Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі Лукаш Крупіньскі выступаў на спецыяльным сольным канцэрце ў Пхёнчхане для музычнай і спартыўнай публікі з усяго свету. У мінулым сезоне піяніст выступаў з канцэртамі ў Тэатры Ла Фенічэ ў Венецыі, у La Verdi ў Мілане, на NDR Radio Philharmonie ў Гановеры, а таксама даў сольныя канцэрты ў Парыжы, Лондане, Токіа і Сіднэі. Двойчы лаўрэат прэміі міністра культуры і нацыянальнай спадчыны РП за выдатныя дасягненні ў творчасці (2013, 2014), стыпендыі міністра культуры і нацыянальнай спадчыны РП (2015), стыпендыят Фонда Крысціяна Цымермана (2015). У 2016 годзе ён быў узнагароджаны памятным медалём Музычнага ўніверсітэта імя Фрыдэрыка Шапэна у знак прызнання яго творчых дасягненняў. У 2017/2018 гадах атрымаў прэстыжную стыпендыю DAAD для навучання ў аспірантуры ў Германіі.
Лукаш Крупіньскі нарадзіўся ў 1992 годзе ў Варшаве. Вучыцца ігры на фартэпіяна пачаў у пяцігадовым узросце. Выпускнік сярэдняй музычнай школы імя Зянона Бжэўскага ў Варшаве ў класе праф.Іаанны Лаўрыновіч. З адзнакай Magna cum Laude скончыў Музычны ўніверсітэт імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве ў прафесара Аліцыі Палеты-Бугай і доктара Конрада Скалярскага, а таксама аспірантуру ў Гановерскай вышэйшай школе музыкі і тэатра ў класе праф. Ары Вардзі. У цяперашні час, як стыпендыят “Kenneth and Violet Scott”, ён вучыцца ў Каралеўскім музычным каледжы ў Лондане ў праф. Дзмітрыя Аляксеева.
Лукаш Крупіньскі прадстаўлены Таварыствам імя Людвіга ван Бетховена.