Арганізаваная злачынная сямейка
У ціхім французскім мястэчку спыняецца амерыканская сям’я: тата, мама, сын, дачка і сабачка. Тата — гангстар на пенсіі, якога хаваюць улады. Але старыя бандыцкія звычкі нікуды не падзеліся, дый сваякі таксама бяруць з патрыярха прыклад. Ціхага жыцця ў Нармандыі болей не будзе.
Стужка Люка Бесона — настальгічная драма пра сямейна-гангстарскія каштоўнасці з філіграннай іроніяй і дасціпнай гульнёй. За Люкам Бесонам — і ў яшчэ большай ступені за галоўным акцёрам Робертам дэ Ніра, — гангстарскія сагі, меладрамы з наёмнымі забойцамі і кулакі «добрых хлопцаў» з кінабанды Марціна Скарсэзэ. І велічны цень «Хроснага бацькі» Фрэнсіса Форда Копалы маячыць дзесьці ў ценю карціны — і фыркае ад пацешак.
Эпічнае гангстарскае кіно яшчэ на мяжы 1980-х завяршылася пародыяй. Паўторнае ўзнаўленне жанру пад 1990-я гады — з моцнай меладрамнай ін’екцыяй — звялося да штампу і таксама просіцца на кпіны. «Малавіта» — стужка, дзе смех — закраса, але не галоўная эмоцыя. Што з таго, што пекная гаспадыня Мішэль Пфайфер мае звычку падрываць кожны супермаркет, дзе ёй нахамілі: важней не ўсмешка, а простая сямейная ўтульнасць, замілаванне. Ксёндз пасля споведзі мілай жанчыны — у перадынфарктным стане, затое шкілеты ў хатняе шафе цяпер адданыя на суд Богу.
Нябесная бландзінка-дачка абараняе гонар і годнасць, лупцуючы раўналеткаў да страты прытомнасці, а хітры малодшы брат шантажуе нават дарослых і голасна дамагаецца адваката: справа жыццёвая. Тое, што кіраўнік сям’і перыядычна закопвае трупы, катуе сантэхнікаў і марыць спаліць настаўніка англійскае мовы — таксама не дзеля смеху, а дзеля сям’і. І нават мемуары героя, што паставілі на вушы ўсё ФБР, — прыватная хроніка.
У гэтай хатняй гісторыі, дзе нават непрыкметны сабачка здольны абгрунтавана пераканаць самых зацятых галавазэраў, што неабачліва зазірнулі на аганёк, ёсць яшчэ адзін пласт.
Карціна — не проста асабістая гісторыя ў парадыйна-дасціпнай абгортцы гангстарскага кіно. Персанажы фільму — гэта далёка не сямейка Адамсаў, гатычна-гратэскная і празмерная. Чужаземцы, што высадзіліся ў Нармандыі, —тыповыя амерыканцы ў тыповых французскіх абставінах. Крыху гамбургераў — для віду, а лепей макаронаў з соўсам; крыху англійскае мовы. Крыху пераканаўчых гутарак на тэму адказнасці і Другога фронту. Крыху няправільных барбекю. І вось ужо паўстае гастранамічна-культурніцкі канфлікт шырынёю з Атлантыку.
Але, калі ёсць ладныя выбухі, добрая перастрэлка і сямейная згуртаванасць, дык акіяны непаразумення — не перашкода.
«Малавіта» (The Family)
ЗША — Францыя, 2013, каляровы, 111 хв.
Рэжысёр: Люк Бесон паводле матываў раману Таніна Малаквісты «Малавіта»
Ролі выконваюць: Роберт дэ Ніра, Мішэль Пфайфер, Томі Лі Джонс, Дыяна Агрон, Джогн Д’Леа, Джон Фрэда
Жанр: Настальгічная сямейна-гангстарская драма з парадыйнымі элементамі
Адзнака: ***1/2 (з *****)