«Арт Сядзіба» кліча ў вандроўку з Тарашкевічам
Незалежная культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба» запрашае 21-22 студзеня далучыцца да вандроўкі ў Вільню, прысвечаную 125-годдзю Браніслава Тарашкевіча.
У межах вандроўкі ў Вільні адбудзецца паказ нашумелага спектаклю «Браніслаў. Сцэны з жыцьця і сноў», прысвечаны пакручастаму і трагічнаму лёсу Тарашкевіча — выдатнага беларускага дзеяча, палітыка, пісьменьніка, навукоўцы-мовазнаўца, стваральніка першага ўнармаванага правапісу сучаснай беларускай мовы. «Браніслаў» — гэта першы спектакль Арт Сядзібы. Яго прэм’ера адбылася ў 2015 годзе ў Мінску на сцэне тэатра БДУ «На балконе». Але пасля 2 паказаў спектакль быў адменены, фактычна забаронены, і з таго часу ягоныя пастаноўкі ладзіліся напаўпадпольна.
У пастанове задзейнічаныя студэнты тэатральных унівэрсітэтаў, акторы-аматары, людзі розных прафесій. Але ўсе яны звязаныя адной ідэяй — любоўю да Беларусі, беларускай мовы і жаданнем асвятліць невядомыя эпізоды беларускай гісторыі і культуры.
Вандроўнікі наведаюць Лаварышкі - мясціну, адкуль паходзіць Браніслаў Тарашкевіч. Таксама нейкі час там жыў і працаваў арганістам у мясцовым касцёле іншы вядомы беларускі дзяяч і юбіляр 2017 году — Ян Пазьняк, дзед Зянона Станіслававіча Пазьняка.
Безумоўна, адбудзецца вандроўка па беларускіх мясцінах Вільні, у прыватнасці па мясцінах, звязаных з Тарашкевічам ды іншымі беларускімі дзеячамі першай паловы XX ст.
А таксама ў межах вандроўкі плануецца наведванне музея КДБ і мемарыяльнага комплексу-сядзібы «Парк Тускулену», аналага нашых Курапатаў.
Для кожнага ўдзельніка вандроўкі адкрываецца бясплатная аднатэрміновая віза! Каб запісацца на вандроўку, да 10 студзеня дасылайце на е-мэйл bielkultura@gmail.com свае кантакты і пашпартныя дадзеныя (Імя і Прозьвішча лацінкай як у пашпарце, дату нараджэння, нумар пашпарту і прапіску), а таксама інфармацыю пра патрэбу ў шэнгенскай візе.
Запіс і ўся дадатковая інфармацыя: па тэл. +375 29 1342804, +375 25 5458430 (Валерыя)