«Аўтарскае кіно ў сучасным мастацтве» на VOKA Smartfilm
У рамках фестывалю мабільнага кіно VOKA Smartfilm 12 сакавіка расійскі рэжысёр і сцэнарыст Іван І. Твярдоўскі правядзе ў Мінску творчую сустрэчу на тэму «Аўтарскае кіно ў сучасным мастацтве». Пасля яе адбудзецца спецыяльны паказ фільма «Падбросы».
Мерапрыемства пачнецца а 19-й гадзіне ў кінатэатры VOKA Cinema. Каб стаць госцем гэтай падзеі, трэба зарэгістравацца на сайце www.smartfilm.by.
Іван І. Твярдоўскі нарадзіўся ў Маскве ў сям’і рэжысёра-дакументаліста Івана Твярдоўскага. Пачаў здымаць кароткаметражныя фільмы ў 2007 годзе. У 2011 годзе скончыў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (ВГІК) – эксперыментальную майстэрню рэжысуры пад кіраўніцтвам Аляксея Учыцеля. З 2012 года стаў куратарам кароткаметражнай праграмы Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю.
У 2014 годзе выйшаў першы поўнаметражны фільм Івана І. Твярдоўскага – «Клас карэкцыі», адзначаны на фестывалі «Кінатаўр» прызам за найлепшы дэбют і прызам журы кінапракатчыкаў, Галоўным прызам у конкурсе ўсходнееўрапейскага кіно «На Усход ад Захаду» на Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, а таксама мноствам іншых узнагарод.
Прэм’ера фантастычнай драмы «Заалогія» адбылася ў 2016 годзе на кінафестывалі «Кінатаўр», дзе фільм атрымаў прыз за найлепшую жаночую ролю і прыз Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў. Карціна таксама была прадстаўлена на міжнародным фестывалі ў Карлавых Варах (спецыяльны прыз журы), у Осціне (найлепшы фільм) і ў Котбусе (Гран-пры, найлепшая жаночая роля).
Пасля сустрэчы з Іванам І. Твярдоўскім у Мінску яе ўдзельнікам пакажуць апошнюю з яго работ – трылер «Падбросы». Фільм, што выйшаў у 2018 годзе, расказвае гісторыю падлетка Дзяніса. У яго рэдкая хвароба, якая робіць яго практычна нячулым да фізічнага болю, і ўсё сваё жыццё ён правёў у дзіцячым доме. Аднойчы маці вяртаецца за Дзянісам, але толькі для таго, каб скарыстаць хваробу сына ў рызыкоўнай аферы.Уваход на паказ і творчую сустрэчу вольны, але колькасць месц абмежавана. Рэгістрацыя на мерапрыемства скончыцца 11 сакавіка ў 23:59.