Аўтары кнігі «Heta Belarus Dzietka» збіраюць грошы на новыя коміксы
"Heta Belarus Dzietka" - каманда, якая стварыла кнігу-бэстсэлер, аб'яўляе пра старт краўдфандынг-кампаніі.
30 сакавіка ў 12:00 Аўтары праекта Heta Belarus Dzietka запусцілі краўдфандынг-кампанію, арыентаваную на беларускую і замежную аўдыторыю.
«Heta Belarus Dzietka» — гэта кніга-бэстсэлер, напісаная на аснове матэрыялаў аднайменнага блога. Аўтарамі кнігі з'яўляюцца Марыя Чэракова і Марта Чарнова.
«Мы нарадзіліся ў Беларусі, а выраслі ў Галандыі і ЗША, адпаведна. Затым мы на розны час вярнуліся ў Беларусь і вось ужо два гады бесперапынна працуем над нашым сумесным праектам. Місія праекта заключаецца ў папулярызацыі Беларусі ў свеце. Праз вясёлыя коміксы і блогі мы расказваем пра краіну замежнікам, а таксама імкнемся прыцягнуць да нашай місіі беларусаў за мяжой», — распавядае Марыя Чэракова, адна з аўтарак папулярнай кнігі коміксаў.
Мэта краўдфандинг-кампаніі — сабраць 125 000 000 мільён беларускіх рублёў (у эквіваленце 6000 даляраў ЗША) на выданне дзвюх новых кніг, напісаных з гумарам і праілюстраваных ў стылі ўпадабанай кнігі коміксаў "Heta Belarus Dzietka". Першая з іх — кніга дзіцячых казак, другая — кніга пра гісторыю Беларусі перыяду ВКЛ і Расійскай імперыі. Адметнай асаблівасцю кампаніі з'яўляецца супрацоўніцтва Heta Belarus Dzietka з беларускімі майстрамі hand-made і дызайнерамі, якія ўжо стварылі эксклюзіўныя вырабы для праекта.
Міжнародную краўдфандынг-кампанію Heta Belarus Dzietka правядзе на беларускай платформе Ulej.by, такім чынам не толькі збіраючы сродкі для свайго праекта, але і спрыяючы развіццю новага для Беларусі спосабу калектыўнага фінансавання праектаў.
На перыяд краўдфандынгавай кампаніі з 30 сакавіка да 18 траўня каманда Heta Belarus Dzietka падрыхтавала вялікую колькасць мерапрыемстваў для беларускай і замежнай аўдыторыі: гарадскі квэст, флэшмобы, конкурс на лепшы рэцэпт «беларускай» піцы, творчае мерапрыемства, прысвечанае беларускім грошам,якія сыходзяць з выкарыстання.
Сачыць за краўдфандынг-кампаніяй Heta Belarus Dzietka можна па хэштэгу: #hetacfdzietka
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза