Аўтограф-сесія Кірыла Стаселькі — 13 красавіка

Аўтограф-сесія Кірыла Стаселькі з нагоды выхаду рамана "Дзевяць жыццяў Віта Морэ" адбудзецца 13 красавіка. Падчас мерапрыемства Кірыл распавядзе пра свой новы раман, яго канцэпцыю і асаблівасці выдання кнігі. 

k2_2.jpg


Аўтограф-сесія пройдзе ў краме OZ.by (Мінск, пр. Пераможцаў 3 (ст. м. Няміга)). Кампанія OZ.by ўпершыню ладзіць на сваёй пляцоўцы аўтограф-сесію беларускамоўнага аўтара. 
Новы раман Кірыла Стаселькі “Дзевяць жыццяў Віта Морэ” паставіў адразу два рэкорды беларускай літаратуры: жанравы і па колькасці персанажаў. У творы, які мае нестандартную для класічных тэкстаў структуру, выкарыстоўваецца адразу 7 літаратурных жанраў. Акрамя таго, раман налічвае больш за 260 персанажаў, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для беларускай мастацкай прозы.
“Дзевяць жыццяў Віта Морэ” — захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін ад Беларусі да Егіпта, вялікіх твораў ад Дантэ да Кафкі, ідэй і канцэпцый ад ніцшэанства да прагматызму.
Дзевяць жыццяў Віта Морэ — не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, колькі дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ — не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага — выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, выяўляе нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.
Папярэднія кнігі аўтара — “Дзіцячы маніфест” і “Marginalis”  — уваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. У прыватнасці, “Дзіцячы маніфест” увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя М. Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Е. Гедройца. Раман “Marginalis” некалькі гадоў станавіўся бэстсэлерам, у тым ліку, ў краме oz.by.