Багінская, аўтазак, Купала. Выйшла пясочная анімацыя «Шлях» (відэа)
Анімацыйны фільм «Шлях» з’явіўся «на экранах» ютуба ў самым канцы 2021-га, на Каляды. Звычайна ў гэты час прынята падводзіць выніку года і планаваць год наступны, але беларуская рэалія не дазваляе зрабіць гэта ў прывычны метад. Каб падкрэсліць гэты стан, было вырашана стварыць менавіта пясочную анімацыю ў хаўрусе з аўтарскай музыкай і паэзіяй.

Пясчаны партрэт Ніны Багінскай з анімацыі "Шлях". Малюнак Вольгі Сафронавай
Фільм стварылі: Вольга Сафронава (мастак пясочнай анімацыі) і Ліза Чаканава (мантаж), Аляксандр Ясінскі (кампазітар і выканаўца) і Яна Шчарбакова (выканаўца), Алесь Плотка і Раман Падаляка (верш аўтарскі і Янкі Купалы адпаведна).
Каментуе Вольга Сафронава, аўтар анімацыі: «Наш новы кароткi фiльм мы прысвячаем усiм беларусам, што змагалiся i працягваюць змагацца. Я ведаю, што гэты «шлях» мы стварылi самi. I цяпер мы павiнны яго прайсцi. Будзе лепш, калi мы пройдзем яго не паасобку, а разам, бо толькi разам мы сiла! Жыве Беларусь!».
Малюнкі Вольгі Сафронавай для анімацыі "Шлях"
Творчая група сабралася пад адзін праект і не мае зараз планаў ставіць супрацу на паток, хаця і не выключае гэтага ў будучыні.
Дадае Алесь Плотка: «Калі Вольга звярнулася з ідэяй, я надоўга занурыўся ў пытанне, што і як казаць, якія радкі, які наш пафас сёння. І гэта стала новым досведам супрацы з Аляксандрам Ясінскім, з якім мы выступаем часам, але тут ён як кампазітар задаў вельмі высокую планку. Такі праект, у якім 90% часу намацваеш канцэпцыю, а потым вокамгненна ўсё складаецца: і актор-купалавец, які чытае Купалу, і класічныя радкі, і сучасныя. Так бывае і ў творчым і ў грамадскім жыцці».

Малюнак Алеся Плоткі да саўндтрэка