“Бардаўская восень–2013”

25–27 кастрычніка Беласточчына прымае Фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская Восень–2013». Сёлета фестываль будзе праходзіць 20-ы раз. Прамая трансляцыя з канцэртаў 25-га і 26-га кастрычніка на хвалях Беларускага Радыё “Рацыя” на 98,1 і на 99,2 FM, а таксама ў інтэрнэце на www.racyja.com. Транслюем з 19:00 да апошняга акорда.



dsc_9222.jpg

Юбілейны дваццаты фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская восень” ўжо пачаўся. Пачалі мерапрыемства канцэрты ў Нарве, Нараўцы ды Гайнаўцы, а выступілі, між іншымі,Зміцер Вайцюшкевіч і гурт “Re1ikt”.

“Ёсць патрэба новага “бардаўскага” пакалення”, — кажа Зміцер Вайцюшкевіч:

— На “Бардаўскай восені ўсё звязана з канкрэтнымі людзьмі, з канкрэтнымі арганізатарамі і зоркамі, якія прыязджаюць. А хацелася б, каб тыя канкурсанты, якія станавіліся лаўрэатамі цягам 20 гадоў, дыхалі нам у спіну, адсоўвалі крыху нас ад спраў альбо нешта новае з гэтага нараджалася б, новыя дзеткі.

Ужо сёння афіцыйнае адкрыццё фестывалю. У Бельскім доме культуры пройдзе канцэрт “Вытокі” — пачуем перш за ўсё музыкаў, якія стваралі ад пачатку гісторыю “Бардаў”. Заўтра тамсама канцэрт “Новыя плыні”. Непасрэдная трансляцыя з канцэртаў — на хвалях Радыё “Рацыя”.

* * *

25–27 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім і Беластоку пройдзе традыцыйны фэст беларускай аўтарскай песні «Бардаўская Восень 2013». Сёлета фестываль святкуе 20-годдзе. Ініцыятыва стварэння “Бардаўскай восені” паўстала даволі спантанна. Кажа ў час “Сяброўскай бяседы” першы арганізатар “Бардаўскай восені” ў Бельску Падляшскім ў кастрычніку 1994 года Багдан Сiманенка:

— Тое, што мы прыдумалі “Бардаўскую восень”, не азначае, што толькі я сам гэта прыдумаў. Усе разам сядзелі і думалі, што і як магло б быць. Пагаварылі пра тое, што мае Гайнаўка, што мае Беласток. На жаль, у Бельску нічога няма. Вось і трэба там штосьці зрабіць. Гэта па-першае. А па-другое, мы ж усе трое з Бельска. Не рабіць жа нам фестываль невядома дзе.

У час дваццатага юбілейнага фэсту “Бардаўская восень” выступяць, сярод іншых, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч, Альжбета Бэзюк, Алег Кабзар, Дарафей Фіёнік, Паліна Рэспубліка, Яўген Барышнікаў, Тамаш Суліма, гурты «Re1ikt», «Helisa», «Нельга забыць», «Босае сонца», «ILO&Friends», а таксама Зміцер Вайцюшкевіч. Канцэрты з “Бардаўскай восені” будуць непасрэдна трансляваны на хвалях нашага радыё.

* * *

24 кастрычніка ў Нарве, Нараўцы ды Гайнаўцы  прайшлі канцэрты прымеркаваныя да юбілейнага дваццатага Фестывалю Беларускай аўтарскай песні “Бардаўская восень”. “Хочам трапіць з “Бардамі” ў шырэйшую публіку, чым Бельск і Беласток ”,  — кажа арганізатар фестывалю  Ігар Лукашук, старшыня Звязу “ Шчыты”.

— Каб канцэрты не стваралі самі сабе канкурэнцыі падчас Бардаўскай восені, вырашылі мы зрабіць гэтыя канцэрты крыху раней, каб людзі мелі магчымасць пабываць на ўсіх канцэртах, а па-другое, каб нагадаць людзям — “Бардаўская восень ужо пачалася”.  

У Гміннай Публічнай Бібліятэцы ў у Нарве выступілі Зміцер Вайцюшкевіч, у Нараўцы ў Галерэя ім. Тамары Саланевіч свой музычна-паэтычны праект прадставілі Алег Кабзар і Надзея Артымовіч. У Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы выступілі Кася Камоцкая ды гурт Re1ikt.

dsc_9176.jpg

dsc_9189.jpg

dsc_9194.jpg

dsc_9199.jpg

dsc_9205.jpg

dsc_9211.jpg

dsc_9222.jpg

dsc_9233.jpg

dsc_9247.jpg

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Давіда Гайко