Беларус стаў тварам кітайскай музычнай кампаніі (відэа)

Бубнач беларускага рок-гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка стаў артыстам кампаніі Arborea Cymbals — аднаго з найстарэйшых кітайскіх прадпрыемстваў-вытворцаў медных ударных інструментаў і аксэсуараў да іх.

aliaksandr_dzemidzenka_arborea_knight_landscape.jpg

«Прадстаўнік Arborea Cymbals звярнуўся да мяне з прапановай стаць артыстам кампаніі пасля прагляду відэа "Naša Historyja", у якім я моваю барабанаў паспрабаваў правесці слухача шляхам стагоддзяў ад часоў Полацкага княства да нашых дзён», — распавядае Аляксандр.


«Я абраў талеркі з серыі Knight, таму што іх гучанне ідэальна ўпішацца ў наш новы альбом, над якім я таксама буду працаваць як прадзюсар — запіс стартуе напачатку лета. Даўно хацелася паспрабаваць новае гучанне, якое дазволіла б мне вырашыць нашы творчыя задачы, — дадае лідар Re1ikt. — Апошнім часам у многіх барабаншчыкаў у трэндзе "сухія" талеркі, якія не заглушаюць барабаны і маюць прыгожы тэмбр, таму цяпер, спадзяюся, усе нюансы, сюрпрызы, што ёсць у нашай музыцы, выйдуць на першы план».
Arborea Cymbals, заснаванае больш за стагоддзе таму, вырабляе інструменты спосабам ручнога кавання, што дазваляе стварыць непаўторнае гучанне. У асартымент талерак Arborea ўваходзяць 9 прафесійных серый са сплаву B20 з рознымі тыпамі апрацоўкі (Killer, Butcher, Dragon, Ghost, Knight, Gravity, Edge, AP, AP Hybrid), а таксама аркестравыя талеркі, гонгі і талеркі вучнёўскага ўзроўню са сплаву B8 і латуні. Сярод артыстаў-эндорсераў Arborea Cymbals прафесійныя музыкі розных стыляў і кірункаў з усяго свету.
Re1ikt — гурт, які спалучае традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-кірункамі. Акрамя стандартных электрагітары, бас-гітары і ўдарнай устаноўкі музыкі выкарыстоўваюць шмат разнастайных перкусійных інструментаў: ротатомы, кахон, тамбурын, шэйкеры, трашчотку, дарбуку, джамбэ і іншыя.У дыскаграфіі каманды пяць студыйных альбомаў. Рэліз «Лекавыя травы» названы найлепшым рок-альбомам 2016 года па версіі прэміі Experty.by і альбомам года па версіі прэміі Rock Profi. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.
Паводле прэс-рэлізу