Беларусь. Вайна і мір па абодва бакі фронту (фота)

У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея адкрылася выстава «Беларусь 1914–1918. Вайна і мір», арганізаваная ў межах аўтарскага праекта вядомага даследчыка Першай сусветнай вайны і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага».

p9140436_logo.jpg

Сёлета ў лістападзе свет будзе адзначаць стагоддзе з дня заканчэння аднаго з самых крывавых узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва — Першай сусветнай вайны. Сучаснікі называлі яе Вялікай вайной і спадзяваліся, што гэта будзе «вайна, якая пакладзе канец усім войнам».
— Ідэя выставы — погляд па абодва бакі фронту, — распавёў аўтар праекта. — Мы бярэм адну падзею і глядзім, як здымаў яе нямецкі салдат, а як — рускі.І мы бачым, што як ваенны час, так і мірны, здымалі аднолькава. Напрыклад, рускі салдат лепіць снегавіка ў выглядзе кайзера. А нямецкі салдат выразае Мікалая ІІ з кораня дрэва.

p9140490_logo.jpg

Экспазіцыя ўключае некалькі раздзелаў: баявыя дзеянні, так званая акопная вайна, Брэст-Літоўскі мір, побытавыя сцэны, бежанства, лазарэты і шпіталі. Адметна, што размешчаныя эксклюзіўныя фотаздымкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава (варта адзначыць, найбуйнейшай у свеце) не ў звыклых выставачных залах, а ў музейным дворыку, які ўтвараюць старадаўнія будынкі былых стайняў, складаў, кватэр служачых Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі. Гэтыя сцены былі ўзведзеныя крыху раней за пачатак вайны, што, безумоўна, дапамагло наведвальнікам прасякнуцца эпохай.


— Калі з пачаткам вайны банк эвакуявалі, гэтыя памяшканні заняла расійская армія. А калі ў 1918 годзе ў Мінск увайшла германская армія, яна таксама выкарыстоўвала гэтыя памяшканні для сваіх патрэб, — зазначыў Уладзімір Ліхадзедаў.

Уладзімір Ліхадзедаў

Уладзімір Ліхадзедаў

Спрыялі прасякненню атмасферай і ваенныя мелодыі тых часоў, што даносіліся з рэпрадуктараў, і гістарычныя артэфакты (руская палявая кухня, санітарная фурманка, рэканструяваны самалёт рускай імператарскай арміі, арыгінальныя абарончыя ўмацаванні), а яшчэ — рэканструктары, апранутыя ў ваеннае і цывільнае адзенне, адпаведнае часу.


Экспазіцыя прадстаўлена напярэдадні яшчэ аднаго праекта Уладзіміра Ліхадзедава — кнігі, якая мае аднайменную назву. Фаліянт павінен выйсці 11 лістапада, да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Выданне будзе змяшчаць у чатыры разы больш фотаздымкаў, чым прадстаўлена на выставе, яго прэзентацыя таксама адбудзецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.
На адкрыцці выставы прысутнічалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, былы галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч, прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Германіі і Расіі, а таксама духавенства. Калекцыянер перадаў дыпламатам шэраг арыгінальных фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны, як сімвал узаемаразумення і замірэння былых удзельнікаў таго канфлікту.


Аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава «Беларусь 1914–1918. Вайна і мір» працягнецца да 11 кастрычніка.


Фота аўтаркі