Беларуска-нямецкія Каляды ў Багдановіча (фота, відэа)
У музеі Максіма
Багдановіча прайшла беларуска-нямецкая калядная вечарына.
У фае гасцей чакалі майстар-класы па роспісе калядных пернікаў і цацак, а таксама варажба ад сяброў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Цыганка з Буслом прапаноўвалі загадаць на наступны год жаданне і ўзяць з пакеціка жменьку бабоў. Потым бабы трэба было пералічыць (Бусел “дапамагаў”, дзюбай). Калі цот — жаданне спраўдзіцца, калі лішка — то, на жаль, не.
На адкрыцці імпрэзы дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч адзначыў, што беларуска-нямецкае сяброўства мае глыбокія гістарычныя карані. Узгадваючы пачатак сваёй кар’еры рэстаўратара, ён распавёў, як са здзіўленнем усвядоміў, што шмат слоў беларускай будаўнічай лексікі маюць нямецкія карані: кафля, дахоўка…
Дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства выканалі некалькі беларускіх калядак. Калядаванне з Казой і Буслом быццам бы перанесла прысутных на сто год назад у беларускую вёску.
Арганізатарам з нямецкага боку быў Інстытут нямецкіх даследаванняў пры БДУ. Ён падрыхтаваў шмат гульняў і конкурсаў, абмен падарункамі. Гасцей частавалі глінтвейнам і печывам.
Вечарына скончылася супольным спяваннем беларускай калядкі “Хадзілі-гулялі калядоўшчыкі”.