Беларуская паэтка Вальжына Морт атрымала найвялікшую ў Канадзе прэмію за паэзію

Як паведаміў канадскі сайт «Open book», Вальжына Морт, якая цяпер жыве ў Злучаных Штатах, узнагароджаная за кнігу паэзіі «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых»), перадае «Свабода».

Вальжына Морт

Вальжына Морт

Прэмія Грыфіна — найвялікшая паэтычная прэмія ў Канадзе. Штогод яна ўручаецца аднаму канадскаму паэту (сёлета гэта Канісія Любрын) і аднаму замежнаму паэту за кнігу на англійскай мове.
У снежні 2020 зборнік Вальжыны Морт «Музыка для мёртвых і ўваскрэслых» выдавецтва «Farrar, Straus & Giroux» аглядальніца «The New York Times» Эліза Габэрт назвала ў ліку васьмі найлепшых кніг паэзіі года.
Вальжына Морт нарадзілася ў Мінску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім універсітэце. Піша па-беларуску і па-англійску. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Германіі, Швецыі. Морт — лаўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнееўрапейскіх аўтараў «Burda Preis» (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Гокін (Bess Hokin Prize) ад амерыканскага часопіса «Poetry».