Беларускі фільм «86» атрымаў Гран-пры фестывалю VOKA Smartfilm

Міжнародны фестываль мабільнага кіно VOKA Smartfilm назваў пераможцаў дзявятага сезона. Іх імёны былі абвешчаны ў прамым эфіры 16 красавіка падчас цырымоніі закрыцця, якая сёлета ўпершыню арганізавана ў анлайн-фармаце.

photo_6_1.jpg

Гран-пры дзявятага сезона, праходзіўшага пад слоганам «Сезон (не)звычайных гісторый», ўганаравана беларуская работа — «86» Мікалая Сімончыка і Эвеліны Бязсонавай. Прыз за першае месца дастаўся ўкраінскаму аўтару Валерыю Грышу за яго Green Home. На другім месцы таксама апынуўся беларус — Юры Сямашка, які прадставіў адразу два фільмы: «Нявольнік Жэсці» і «Ультракароткія гісторыі».Трэцюю прэмію прысудзілі іракскаму рэжысёру Джабраілу Абубакеру за яго работу Classico War in Iraq. Уладальнікам узнагароды ад народнага журы названы беларускі фільм «Адзін дзень» Вадзіма Целіцы.

«За дзевяць гадоў VOKA Smartfilm стаў аўтарытэтным форумам, які аб’ядноўвае мастацтва і тэхналогіі, каб дэманстраваць гледачам новыя кірункі і магчымасці кіно. Абвяшчаючы тэму на 2020 год, мы і самі не думалі, наколькі незвычайным атрымаецца гэты сезон: прыйшла вялікая колькасць заявак, пра нас даведаліся ў новых краінах, і нават сам фармат закрыцця стаўся для нас (не)звычайнай гісторыяй. Але самае неверагоднае ў нашым фестывалі — гэта, канечне, фільмы і іх аўтары. І я вельмі рады, што нават з улікам міжнароднага статусу фестывалю сярод лепшых удзельнікаў мы з года ў год бачым шмат новых беларускіх імёнаў», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.

Усяго ў сёлетняй конкурснай праграме ўдзельнічалі 356 фільмаў (63 з іх беларускія). Агульная колькасць заявак была нашмат большай — каля 800. Лепшыя работы адбірала прафесійнае журы ў складзе кіназнаўцы, дырэктара ігравой праграмы  кінафестывалю «Лiстапад» Ігара Сукманава, кіназнаўцы і кінакрытыка Антона Сідарэнкі, каардынатара Нацыянальнага конкурсу фестывалю «Лiстапад» Мікалая Лаўранюка, дырэктара кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўская, прадзюсара Леаніда Каліцені, кінакрытыка і журналіста Тараса Тарналіцкага, а таксама рэжысёра Настассі Мірашнічэнка.

photo_1_1.jpg

«Мы паглядзелі розныя работы і сышліся ў меркаванні, што пры іх ацэнцы адным з галоўных крытэрыяў мусіць быць абвешчаная арганізатарамі тэма — «Сезон (не)звычайных гісторый».У многіх карцінах — пераважна замежных — яна не была дастаткова раскрытай. Шмат было клішыраваных работ, што адлюстроўваюць агульнапрызнаную фестывальную кан'юнктуру: фільмы пра самоту, хатні гвалт, гендарны харасмант, праблемы экалогіі, тэхналагічная залежнасць. Аднак хацелася, каб мабільная творчасць кіравалася не толькі правільнасцю жыццёвых пазіцый, але і парадаксальным поглядам на рэальнасць. Вось чаму самымі цікавымі мне падаліся беларускія работы, аўтары якіх намагаліся прытрымлівацца зададзеных правілаў гульні — расказваць звычайныя гісторыі незвычайным спосабам і наадварот», — адзначыў Ігар Сукманаў.

Паралельна з прафесійным журы найлепшы фільм гэтага сезона выбіралі і гледачы. Больш за 3500 чалавек узялі ўдзел у папярэднім анлайн-галасаванні, пасля чаго канчатковае рашэнне прымала народнае журы — 150 аматараў кіно, якія найбольш паспяхова прайшлі спецыяльны тэст ад арганізатараў фестывалю. Работай народных экспертаў сёлета кіравала сцэнарыст і рэжысёр Улада Сянькова.

Узнагародай для кожнага з прызёраў стаў смартфон Apple iPhone 11 128GB. Уладальнік Гран-пры Мікалай Сімончык атрымаў таксама 3000 рублёў, а аўтар фільма Green Home Валерый Грыша за першае месца — 1000 рублёў.

Фільмы пераможцаў даступны для прагляду на афіцыйным сайце фестывалю і ў раздзеле Smartfilm відэасэрвісу VOKA.

photo_3_2.jpg


Арганізатарам VOKA Smartfilm выступае кампанія А1 пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета фестываль праходзіў з 4 лютага па 16 красавіка. За гэты час удзельнікамі мерапрыемстваў у яго рамках сталі больш за 700 чалавек. Яны наведалі спецыяльны паказ да Дня закаханых 14 лютага,  сустрэчу з зоркай расійскага кіно Артурам Смальянінавым і прэм’еру знятага на смартфон фільма «Смерць нам да твару» з удзелам рэжысёра Барыса Гуца, а таксама майстар-клас рэжысёра Івана І. Твярдоўскага і спецыяльны паказ яго карціны «Падбросы». Створаны для фестывалю кароткаметражны фільм пра дзяцінства галівудскага кінагероя Джона Уіка стаў міжнародным інтэрнэт-хітом і сабраў сотні тысяч праглядаў.

 Паводле прэс-рэлізу