Беларускі фільм намінаваны на прэстыжную кінапрэмію
Пра гэта паведаміў на старонцы ў фэйсбуку рэжысёр фільма Аляксей Палуян.
«Гэта адбылося!!! ВОЗЕРА РАДАСЦІ было намінавана Міжнародным Журы Кінафестываля ў Leuven (Бельгія) на ЭЎРАПЕЙСКУЮ КІНАПРЭМІЮ 2020! Дасылаю цёплыя думкі ўсім, хто дапамог зрабіць гэтае падарожжа асаблівым. Шчаслівы, што беларускі фільм атрымаў такую магчымасць!» — напісаў Аляксей Палуян.
Прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі (англ. European Film Awards) — штогадовая кантынентальная прэмія Еўрапейскай акадэміі кіно, заснаваная ў 1988 годзе. Паводле задумы заснавальнікаў супрацьпастаўлена «Оскару» як галоўная кінематаграфічная прэмія Аб'яднанай Еўропы і часам называецца «Еўрапейскім Оскарам».
«Возера радасці» — гэта фільм пра дзевяцігадовую дзяўчынку Ясю, якая перажывае смерць маці. Бацька адпраўляе яе ў інтэрнат, але аднойчы яна вырашае збегчы і вярнуцца дадому. Актрыса, якая сыграла галоўную ролю, атрымала прыз Best actress на фестывалі FICBUEU ў Іспаніі. Фільм зняты паводле рамана вядомага пісьменніка Віктара Марціновіча.
Паводле facebook.com