Беларускі фолк прагучаў на дваццаць дзве краіны свету (фота, відэа)
Спалучыць старажытныя беларускія песні з барабанамі, бас-гітарай,
віяланчэллю, скрыпкай і дудой — немагчыма? Маладая фолк-спявачка
Патрыцыя Свіціна разбівае гэты стэрэатып.
Дзяўчына са сваім этна-праектам сёлета прадставіла Беларусь на Euroradio Folk Festival, што праходзіў 26 – 28 траўня ў Маскве і сабраў этна-музыкаў з сямнаццаці краін.
Фестываль — грандыёзная музычная падзея, своеасаблівае “фолк-Еўрабачанне” (хіба што без галасавання), што праводзіцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам штогод у розных краінах Еўропы з 1980 года. Удзельнікаў на яго прадстаўляюць нацыянальныя радыёкампаніі. Галоўная мэта фэста — паказаць разнастайнасць і багацце сусветных музычных традыцый. 17-гадовую Патрыцыю Свіціну для ўдзелу Euroradio Folk Festival рэкамендаваў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, бо яна – уладальніца Гран-пры рэспубліканскага творчага радыёконкурса “Маладыя таленты Беларусі”.
Патрыцыя Свіціна — самая маладая ўдзельніца сёлетняга фестываля, які праходзіў ужо ў 39-ты раз. Свой этна-праект спявачка стварыла яшчэ ў 15 гадоў — натхненнем паслужылі этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, у якіх дзяўчына ўдзельнічала.
“Этна-сімфа” — так ужо акрэслілі музычны стыль, у якім працуе гурт. У Беларусі з падобным гучаннем не выступаў яшчэ ніводны калектыў.
— Я заўсёды марыла, каб у маім этна-праекце было нешта такое, чаго няма ў іншых, — прызналася спявачка.
І такога сапраўды няма — гэта змаглі ацаніць не толькі беларускія слухачы, але і прафесійныя фолк-выканаўцы з розных краін. Звязаць разам народную песенную творчасць, магутны вакал у, фактычна, аўтэнтычным гучанні і рознапланавыя інструменты майстэрства, блізкае да чараўніцтва. Таму на Euroradio Folk Festival выступ “Этна-праекта Патрыцыі Свіцінай” стаў адным з самых яскравых. Калектыў прадставіў розныя беларускія абрадавыя і пазаабрадавыя песні. 26 траўня іх змаглі чуць у жывой трансляцыі радыёстанцыі “Арфей” 22 краіны свету.
Спалучэнне традыцыі і сучаснасці — не толькі ў кампазіцыях гурта, але і ў знешнім выглядзе: у сваіх стылізаваных строях музыкі выкарысталі рэканструяваныя жаночыя галаўныя ўборы неглюбскага строя: кубкі са стужкамі. І гэта не проста так: праграму закрывала песня з абраду ваджэння і пахавання стралы, што ладзіцца ў тым рэгіёне Беларусі.
— Мне было вельмі цікава паглядзець на гурты з розных краін, і, канешне, хацелася паказаць нашу культуру, — распавяла пасля выступлення спявачка. — Беларуская спеўная традыцыя вельмі цікавая сваімі дыялектамі, якія мы ў сваім праекце захоўваем. А яшчэ наша традыцыя адрозніваецца сваім настроем: кажуць, што беларускія песні сумныя, але яны не сумныя, а філасофскія.
Свой творчы шлях Патрыцыя Свіціна пачынала з ансамбля “Валошкі”, пасля займалася вакалам у Ірэны Катвіцкай і спявала ў яе дзіцячым фальклорным ансамблі “Рада”. “Дзіця “Камяніцы”, Патрыцыя выступае на аднайменным фолк-фестывалі з самага яго заснавання. Дзяўчына — шматразовая лаўрэатка і ўладальніца Гран-пры конкурсаў “Маладыя таленты Беларусі”, “Салют талентаў” “Кубак Еўропы”, Дыпламантка Сусветнай музычнай прэміі. У 2015 годзе юная спявачка ўдзельнічала ў шоу “Я магу” з песняй абраду ваджэння і пахавання стралы з Гомельшчыны.
Фота і відэа аўтаркі