Беларускі фонд культуры і «Краязнаўчая газета» могуць спыніць сваё існаванне

У адным з апошніх нумароў «Краязнаўчай газеты» да сваіх чытачоў звярнуліся старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» (БФК) Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні БФК Анатоль Бутэвіч і старшыня рэдкалегіі «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп. У звароце паведамляецца, што «можа так стацца, што з-за фінансавых цяжкасцяў мы вымушаны будзем у наступным месяцы прыняць рашэнне аб ліквідацыі або прыпыненні выпуску газеты ў 2022 годзе, а таксама аб спыненні дзейнасці Беларускага фонду культуры».

images_149.jfif

Грамадская арганізацыя «Беларускі культурны фонд» была створана ў красавіку 1987 года. Фонд спрыяе папулярызацыі беларускай мовы як асновы нацыянальнай культуры, аказвае маральную, матэрыяльную і арганізацыйную падтрымку грамадскім ініцыятывам, накіраваным на вывучэнне, захаванне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, захаванне традыцый, развіццё прафесійнай і аматарскай творчасці. За гэтыя гады грамадскае аб’яднанне ўнесла вялікі ўклад у пошук і вяртанне ў краіну нацыянальных твораў мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры, архіўных матэрыялаў. Беларускі фонд культуры з’яўляецца пастаянным прадстаўніком грамадскасці ва ўсіх нацыянальных органах па справах культуры, а таксама заснавальнікам рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.
«Краязнаўчая газета», якая выдаецца ў Беларусі з 2003 года, аб’ядноўвае вакол сябе сотні краязнаўцаў з усіх куткоў Беларусі. Таму закрыццё «Краязнаўчай газеты» адмоўна паўплывае на сітуацыю з краязнаўчым рухам наогул. У гэты няпросты час краязнаўцы Беларусі і супрацоўнікі Беларускага фонду культуры будуць шчыра ўдзячны ўсім, хто матэрыяльна падтрымае і грамадскае аб’яднанне, і «Краязнаўчую газету».
Паводле budzma.org