Беларускі гісторык узнагароджаны медалём за папулярызацыю беларуска-польскай гісторыі

«Беларусь у складзе Польшчы сапраўды была часткай еўрапейскай цывілізацыі».

Ігар Мельнікаў, фота racyja.com

Ігар Мельнікаў, фота racyja.com

11 лістапада Польшча адзначае 100-годдзе ўзнаўлення незалежнасці. З гэтай нагоды ў пасольстве краіны ў Беларусі прайшло ўручэнне прынагодных медалёў людзям, заслужаным для беларуска-польскай супрацы.
Адным з лаўрэатаў з'яўляецца вядомы беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. Ён узнагароджаны за папулярызацыю супольнай беларуска-польскай гісторыі ды арганізацыю гістарычных мерапрыемстваў.
Пра ролю беларусаў у адраджэнні польскай дзяржавы, пра этнічных беларусаў, грамадзян даваеннай Польшчы ды пра іншыя факты супольнай беларуска-польскай гісторыі з Ігарам Мельнікавым размаўляў Валеры Саўко.
Паводле гісторыка, шлях да незалежнасці Польшчы пракладвалі таксама іншыя народы, у тым ліку і беларусы – варта хоць бы ўзгадаць паўстанне 1863 году, якое ў Беларусі вядомае як паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Ігар Мельнікаў прыводзіць таксама іншыя прыклады, калі беларусы побач з палякамі змагаліся за Польшчу. «Нашы беларусы разам з палякамі першымі сказалі Гітлеру «не» ў 1939 годзе», – кажа спецыяліст і падкрэслівае, што беларусы павінны ганарыцца сваімі жаўнерамі верасня 1939 году гэтак жа, як ганарацца палякі сваімі. Нагадаем, у 1939 годзе ў шэрагах Войска Польскага служыла 70 тысяч салдат-беларусаў.
Ігар Мельнікаў лічыць, што «Беларусь у складзе Польшчы сапраўды была часткай еўрапейскай цывілізацыі». Гісторык мяркуе, што гэты факт дапамагае сённяшнім беларусам адчуваць сябе еўрапейцамі.
Польскае Радыё