Беларускі ўдзельнік дзіцячага «Еўрабачання-2016» адправіўся на Мальту, дзе пройдзе фінальнае шоу песеннага конкурсу
Афіцыйная беларуская дэлегацыя міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" 13 лістапада адправілася ў сталіцу Мальты, дзе 20 лістапада пройдзе фінал штогадовага песеннага форуму.
Беларусь на конкурсе ў Валеце прадставіць 13-гадовы Аляксандр Мінянок з песняй "Музыка маіх перамог". У складзе дэлегацыі — творчая група юнага артыста, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, педагог па вакале, стыліст, урач-фаніятр, харэограф.
Як паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, у Валету беларуская каманда вязе з сабой промапрадукцыю, у тым ліку дызайнерскі інфармацыйны буклет, у камплект якога ўваходзіць дыск з конкурснай кампазіцыяй "Музыка маіх перамог", рэміксамі на яе, джазавым каверам на англійскай мове і караоке-версіяй, а таксама фірменныя паштоўкі і плакаты.
16 лістапада Аляксандр Мінянок правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю на сцэне Міжземнаморскага канферэнц-цэнтра. Таксама ў праграме мерапрыемстваў еўратыдня ў выканаўцы з Беларусі — удзел у цырымоніі адкрыцця, серыя інтэрв'ю для СМІ, здымкі візіткі, запіс агульнай песні разам з іншымі ўдзельнікамі "Еўрабачання", шэраг экскурсій. 20 лістапада перад адкрыццём конкурсу яго ўдзельнікаў чакае праход па чырвонай дывановай дарожцы.
Шоў чатырнаццатага штогадовага конкурсу пачнецца ў 16.00 па сярэднееўрапейскім часе, у 18.00 — па мінскім. Прамую трансляцыю дзіцячага "Еўрабачання-2016" будуць весці тэлеканал "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24".
У фінале возьмуць удзел прадстаўнікі 17 краін — удзельніц Еўрапейскага вяшчальнага саюза: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Ізраіля, Ірландыі, Італіі, Кіпра, Македоніі, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Сербіі і Украіны.
Нагадаем, Аляксандр Мінянок — лаўрэат шматлікіх музычных конкурсаў, удзельнік фестывалю "Дзіцячая Новая хваля", навучаўся ў акадэміі Ігара Крутога. 28 жніўня перамог у нацыянальным фінале конкурсу па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. Тады Мінянок і яшчэ адна ўдзельніца фіналу Вольга Канавалава з песняй "Сэрца біт" набралі аднолькавую колькасць балаў — па 20. Вольгу абралі гледачы, Аляксандра — журы. Па правілах конкурсу, калі два фіналісты набралі роўную колькасць ачкоў, канчатковы выбар робіць журы.
Паводле БелаПАН