Беларускія календары на 2023 год. Дзе набыць?
Калі вы хочаце зрабіць некаму арыгінальны падарунак на Новы год з беларускім каларытам — гэта зрабіць усё яшчэ магчыма. Нават нягледзячы на тое, што ў краіне вынішчаецца ўсё нацыянальнае і бел-чырвона-белае.

Вudzma.me падрыхтавала падборку беларускіх календароў на 2023 год. Нешта прадаецца праз інтэрнэт, але нешта можна набыць і ў краме.
«Наш каляндар-2023» з беларускімі словамі і малюнкамі на кожны дзень.
Каляндар дапаможа ў нязмушанай манеры вывучыць шмат беларускіх словаў, а яскравыя, пазітыўныя малюнкі падымуць настрой. На кожны дзень года — сваё, адметнае словазлучэнне на роднай мове і малюнак, які яго тлумачыць. Каляндар будзе карысны не толькі тым, хто робіць першыя крокі ў вывучэнні беларускай мовы, але таксама ўзбагаціць слоўнікавы запас добрых знаўцаў роднай мовы.
Дзе набыць:
Мінск: інтэрнэт-кнігарні: knihi.by, tn.by, kniganosha.by, kniger.by
кнігарня «Кніжная шафа» (Дзяржынскага, 9), этнакрама «Рагна» (вул. Сухая, 4), крама «Умный кит» (Мінск, вул. Корш-Сабліна,3), ГЦ «Купалаўскі» (крама 41-42, ст.м. Кастрычніцкая).
Гродна: Крама «Цудоўня» (вул. Кірава, 3)
Бабруйск: кнігарня «Крыніцы ведаў» (вул. Горкага, 31).
Каляндар «Беларусь — гэта святое» з малюнкамі Паўла Севярынца.

Аўтарскі каляндар на 2023 год «Беларусь — гэта святое» ад Kroplia.by з малюнкамі і словамі пісьменніка Паўла Севярынца. У календары вы знойдзеце актуальныя цытаты на кожны месяц, аўтарскія ілюстрацыі вядомых беларускіх храмаў, каляндарную сетку па месяцах на 2023 год. На кожны месяц прадугледжаны новы малюнак і новая цытата. Фармат календара А4, глянцавая папера, ёсць дзірачка для падвешвання. Малюнкі і словы Паўла Севярынца яго сям’я некалькі год збірала з лістоў, якія Павел піша і дасылае свайму сыну Францішку. Каляндар «Беларусь — гэта святое» — гэта больш, чым проста звычайны каляндар. Гэта рэч поўная сэнсу, прыгажосці, любові і болю.
Набыць каляндар можна тут.
Каляндар-слоўнічак «Мова вольных».

Адрыўны каляндар-слоўнічак — першы праект новага еўрапейскага беларускага выдавецтва «Гутэнберг». Скандынаўскі мінімалізм і рэгіянальная салідарнасць: «Мова вольных: 365 родных слоў» — гэта яркія беларускія словы з перакладам на ўкраінскую, польскую і ангельскую і ў файным дызайне. Бо для нас каштоўныя сяброўства з суседзямі і далучанасць да цывілізаванага свету.
Каляндар можна набыць тут. Высылаць яго пачнуць 1 снежня, адпраўка магчымая па ўсім свеце, апроч Беларусі і Расіі —нельга туды адправіць тэхнічна. Для беларусаў ЗША і Канады асобная партыя ўжо едзе ў Нью-Ёрк, каб можна было атрымаць слоўнічак найхутчэй. Перадзамовіць можна тут.
Каляндар «Кожны дзень 2023» з унікальнымі ілюстрацыямі, прысвечанымі беларускай гісторыі.

Над гэтым календаром аўтары працавалі амаль год. Штодзень у ім — унікальная ілюстрацыя, прысвечаная якой-небудзь падзеі ці асобе, якая пакінула свой след у беларускай гісторыі ды культуры. Яго каштоўнасць — у мастацкім і культурным сэнсе.
Набыць каляндар можна па спасылцы.
«Лёгкая мова» — адрыўны каляндар-слоўнік.

На кожнай старонцы календара — яскравая карцінка, словы на беларускай мове, пераклад на расійскую і прыклад ужываньня з мастацкае літаратуры. Сёлета, акрамя абсалютна новых і самабытных беларускіх словаў, фразеалагізмаў, прымавак і цытатаў, распрацоўшчыкі дадалі і хуткамоўкі. Каляндарык можна паставіць на стол ці павесіць на сцяну. Кожны каляндар ідзе ў падарункавай скрынцы.У падарункавым камплекце — два магніцікі для мацаваньня ўпадабаных старонак налядоўню.
Перадзамовіць каляндар можна тут.
«Страчаны Менск» — каляндар на 2023 год з замалёўкамі Марыі Каралёвай

Цудоўны каляндар з акварэлямі мастачкі Марыі Каралёвай, малюнкі якой вы ўжо добра памятаеце з календару «Менск: горад і Сонца» на 2022 год і альбома «Вандроўкі-размалёўкі», гэтым разам правядзе вас вуліцамі старога Менска, якімі мы самі ўжо не здолеем прайсці. На кожным разгорце календара — помнікі страчанай спадчыны горада і кароткае апісанне іх гісторыі. На ніжняй палове — зручны для планавання каляндар з буйной сеткай.
Каляндар можна набыць тут ці ў краме @shafa_gallery.
Насценны каляндар 2023 «Пад зорным небам Беларусі»

У новым насценным календары выдаўцы спалучылі фотаздымкі з неверагоднымі краявідамі Беларусі ад беларускага фатографа і астранома Віктара Малышчыца (+апісанне мясцовасці), і словы надзеі са Святога Пісання. Незвычайны і фармат календара: 20 на 25 см, што дазволіць змясціць яго ў самым кампактным месцы; але дзякуючы вялікім лічбам усё можна разгледзець здалёк. У календары пазначаныя асноўныя рэлігійныя і дзяржаўныя святы. Пачатак тыдня: з панядзелка.
Набыць можна ў краме kroplia.by.