Беларускую царкву ў Лондане намінавалі на архітэктурны «Оскар»


Беларуская мемарыяльная царква ў Лондане намінаваная на прэмію Сусветнага фестывалю архітэктуры. Пра гэта распавёў архітэктар Цзывай Са (Tszwai So).

church_1.jpeg

Цзывай Са (Tszwai So) — брытанскі архітэктар родам з Ганконга. У 2016-м ён скончыў будаўніцтва беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, вернікам якой стаў сам.
Сусветны фестываль архітэктуры — найбуйнейшы ў свеце фестываль, на якім дэманструюцца адны з самых уражлівых новабудоўляў планеты. Кожны год ён збірае больш за 2 тысячы архітэктараў з усяго свету. Прэмія фестывалю лічыцца «Оскарам» у сферы архітэктуры.

church_2_1.jpg

Беларуская грэка-каталіцкая царква ў Лондане намінаваная адразу на дзве прэміі: «Сусветны рэлігійны будынак года» і «Лепшае выкарыстанне драўніны». Гэта адзіны рэлігійны будынак з Вялікабрытаніі, які ўвайшоў у лік фіналістаў.
28 лістапада архітэктар Цзывай Са адправіцца на фестываль у Амстэрдам, каб прадставіць сваю працу журы, у склад якога ўвойдуць самыя вядомыя архітэктары свету. Сярод іх — «вядучыя архітэктары свайго пакалення» Дэвід Аджайе, Мануэль Готран, Мохсэн Мастафаві, Наталі дэ Врыс і іншыя.

church_3.jpeg

Канкурэнтамі беларускай царкве ў Лондане будуць рэлігійныя пабудовы з Турцыі, Ірана, Аўстраліі, Тайланда, Індыі, Сінгапура і Партугаліі.

church_4.jpg

— Я вельмі рады. Не толькі таму, што гэты будынак — адзіная рэлігійная пабудова з Вялікабрытаніі, якая была намінавана на прэмію. Гэта таксама і адзіны беларускі будынак-фіналіст. Бо я лічу, што ён і брытанскі, і беларускі, — распавядае Цзывай Со. — Быць фіналістам — ужо вялікі гонар для мяне. Я не разлічваю на перамогу, але тое, што мая праца будзе разгледжана сярод дзевяці лепшых рэлігійных будынкаў свету гэтага года, надае мне гонару і шчасця.
Паводле news.tut.by