«БелАЗы» трапілі ў шорт-ліст Канскага фестывалю карпаратыўных фільмаў

Карпаратыўны фільм «Гонка кантынентаў» кінапраекту «БелАЗ 70», зняты новасібірскай кампаніяй LBL-Production, увайшоў у шорт-ліст фінальных конкурсных работ міжнароднага фестывалю ў Канах. Гэта значыць — у спіс лепшых рэкламных работ свету.

4182_1_.jpg


Гэты фільм рыхтаваўся адмыслова да юбілею Беларускага аўтамабільнага завода і прадстаўлены ў двух намінацыях фестывалю The Cannes Corporate Media & TV Awards: «Галоўны карпаратыўны фільм» і «Унутраныя камунікацыі». Фестываль, дарэчы, з'яўляецца адным з самых прэстыжных праглядаў карпаратыўных і дакументальных тэлефільмаў, а ў складзе яго журы — лаўрэаты прэмій «Оскар» і «Эмі».

Паводле задумак аўтараў фільма, ён павінен адлюстроўваць моц тэхнікі «БелАЗ», якая аднолькава паспяхова працуе ў самых розных кліматычных умовах. Каб паказаць гэта, вырашана было зладзіць спаборніцтва «БелАЗаў» у Кузбасе, дзе тэмпература часам апускаецца да мінус 50, і на другім канцы свету — у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе нярэдка бывае да плюс 50.

img___21198.jpg


На экранах — адначасовы старт у расійскім Кемерава і паўднёваафрыканскім Кейптаўне. Пагрузка, разгрузка, упэўнены рух па тэхналагічных дарогах, выдатныя пейзажы за акном, толькі ў адным выпадку зімовыя, у іншым — афрыканскія. І ўсё гэта — на кар'ерным самазвале грузападымальнасцю 220 тон, каб кіроўцы «БелАЗаў» былі ў гэтым плане ў роўных умовах.

Ці атрымае стужка ў Канах нейкі прыз, і якім ён будзе, стане вядома вечарам 27 верасня. Сама прэм’ера фільма запланаваная на юбілейныя ўрачыстасці прадпрыемства, якія пройдуць 28-29 верасня.

Паводле прэс-службы БелАЗ