Белтэлерадыёкампанія атрымала больш за 100 заявак на «Еўрабачанне-2018»

Больш за 100 бандэроляў з песнямі на "Еўрабачанне-2018" атрымала Белтэлерадыёкампанія. Прычым заяўкі працягваюць паступаць.

000027_1510122146_big.jpg

У прэс-службе медыяхолдынга распавялі, што заяўкі працягваюць паступаць. У самы апошні час прыйшлі бандэролі ад неаднаразовых фіналістаў нацыянальных адбораў Napoli, Гюнеш, удзельніцы дзіцячага "Еўрабачання" Вольгі Сацюк, і нават Uzari, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе ў 2015-м годзе.

Самае цікавае, што на пачатку прыёму заявак Uzari "муціў ваду" наконт сваёй сёлетняй спробы "узяць" "Еўрабачанне", маўляў, калі яго запросяць, то будзе ўдзельнічаць:

"Калі мне прапануюць, то я падамся! Самому падавацца няма сэнсу. Таму што ўжо шмат разоў быў на "Еўрабачанні" — тры разы ў розных амплуа, ведаю, што, як і навошта. Але, калі прапануюць, то, натуральна, гэта было б цікава. Ну, і калі я буду падавацца, то песня будзе беларускамоўная. І гэта будзе ў межах майго графіку, а не так, як ў 2015 годзе, калі я ўсё кінуў дзеля конкурсу".

Так што, можна спадзявацца, што беларускамоўныя песні на сёлетнім адборы таксама будуць, улічваючы хаця б заяўкі ад "Шумы" і Pauline. Але большасць ужо апублікаваных трэкаў гучаць па-англійску.

Апроч вышэй пазначаных артыстаў, удзельнічаць у нацыянальным адборы збіраюцца Жанэт, Аляксей Грос, Анжаліка Пушнова, Іюль, пратэжэ Пятра Ялфімава расіянка Соф'я Лапіна, украінская поп-зорка Alexeev.

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2018" пройдзе 11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі.

euroradio.fm