Беларускія музыкі агучаць першыя нямыя айчынныя кінастужкі
Сучасныя беларускія выканаўцы стануць тапёрамі і ў межах праекта "Тузін.Немаўля" агучаць першыя беларускія нямыя кінастужкі, знятыя ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Пра гэта сёння
на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў кіраўнік праекта, рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін.
"Калі мы распачалі новы праект партала Tuzin.fm "Тузін.Немаўля", вырашылі ўзяць тры фільмы, хаця
іх больш: мы знайшлі як мінімум сем стужак. Гэта той запас, з якім мы будзем, хутчэй за ўсё, працаваць далей. Мы прапанавалі ўдзел у праекце тым беларускім музыкам, якія маюць бездакорны музычны
густ. Усе творцы былі абсалютна вольныя ў трактоўцы стужак. Яны іх асэнсоўвалі, а не проста пісалі музыку. Мы маем намер працягваць гэтую працу. Хацелася б зрабіць вялікі фестываль нямога кіно. А
калі атрымаецца толькі адзін такі праект, то хай сабе будзе хаця б адзін фестываль старога беларускага нямога кіно з трох кінаканцэртаў", — адзначыў Будкін.
Ён дадаў, што арганізатары прапаноўвалі ўдзел у праекце розным вельмі вядомым беларускім гуртам. "Але некаторыя з іх казалі, што ўзяліся б за працу, каб стужкі былі больш кароткімі, а так ім няма чаго сказаць. Але знайшліся музыкі, якім ёсць што сказаць. Гэта Сяргей Пукст, гурт Re1ikt і гурт з Беластока Ilo&friends", — сказаў рэдактар партала.
Сяргей Пукст працаваў над фільмам "Кастусь Каліноўскі" (1927), гурт Re1ikt напісаў музыку для гістарычнай эпапеі "У агні народжаная" (1929), гурту Ilo&friends дасталася кінастужка "Прастытутка", створаная ў 1926 годзе.
Пукст, распавядаючы пра працу над карцінай "Кастусь Каліноўскі", адзначыў: "У нашай беларускай гісторыі выпаў адрэзак часу, на які прыйшлося развіццё сюррэалістычнага і мадэрнісцкага мастацтва. Мы сутыкаемся з непрыняццем нейкіх сюррэалістычных практык — нас ніхто не разумее. Працуючы над гэтай кінастужкай, я ў тапёрскай форме хачу вярнуць гэты мадэрнісцкі кампанент нашай культуры, надаць яму лёгкую паэтычную фабулу. Гэтая стужка — вельмі якасна зробленая. Яна вельмі рамантычная. Хаця б удзел Барыса Ліванава гаворыць аб тым, што людзі адказна падыходзілі да сваёй працы. Я меў справу з добрым матэрыялам, і перада мной стаяла задача не сапсаваць яго".
Музыка гурту Re1ikt Аляксандр Дземідзенка дадаў, што "задачай было з дапамогай музыкі падкрэсліць не проста карцінку, але паказаць і сваё стаўленне да таго, што дзеецца на экране". "Гэта было дастаткова складана, бо трэба было не сапсаваць уражанне гледача ад прагляду нямога кіно, каб глядач не думаў, што на экране адно, а мы граем зусім іншае", — сказаў ён.
22 лістапада ў мінскім Loft cafe Сяргей Пукст прэзентуе сваё бачанне фільма "Кастусь Каліноўскі", гурт Re1ikt зайграе пад фільм "У агні народжаная", а 25 лістапада там жа можна будзе паглядзець кіно "Прастытутка" пад жывы акампанемент гурту Ilo&friends і пабачыць прэзентацыю альбома гурту "Сланечнікі". 24 лістапада ў клубе "Графіці" адбудзецца адкрыццё выставы афіш беларускага нямога кіно 1920-х гадоў, а таксама ўпершыню ў Беларусі прагучыць эксклюзіўны канцэртны сэт гурту Ilo&friends. Пачатак усіх імпрэзаў у 19.00.
БелаПАН