Беларусь на парозе вайны з ісламістамі
Расія заклікае краіны СНД далучыцца да змагання супраць "Ісламскай дзяржавы".
Пра гэта ішла размова падчас саміта арганізацыі ў Казахстане. Уладзімір Пуцін назваў сітуацыю на афганскай мяжы блізкай да крытычнай. Маўляў, у Цэнтральную Азію збіраюцца ўварвацца тэрарысты. СНД павінна, паводле словаў расейскага лідара, падрыхтаваць сцэнар супрацьстаяння гэткай экспансіі.
У выніку лідары дзяржаў СНД дамовіліся сфармаваць сумесныя сілы па абароне межаў краін-удзельніц Супольнасці на выпадак крызіснай сітуацыі. Ідзецца пра стварэнне групоўкі з прадстаўнікоў памежных устаноў краін СНД, якую будуць накіроўваць на ліквідацыю крызіснай сітуацыі на знешніх межах Супольнасці.
Рашэнне прынялі прэзідэнты Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана ды Узбекістана. Бакі падпісалі 16 дакументаў, у тым ліку канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва да 2020 года. Устрымаліся прадстаўнікі Малдовы, Туркменістана ды Украіны. Туркменская дэлегацыя нават выказала абурэнне заявамі Астаны пра складаную сітуацыю на туркменска-афганскай мяжы.