Беларуская ноч, ці музей у фантастычных аповядах

18 траўня 2013 года Нацыянальны мастацкі музей ізноў запрашае мінчукоў і госцяў сталіцы на акцыю "Беларуская ноч, ці музей у фантастычных аповядах".



muziej.jpg

www.dzr.by

Акунаючыся ва ўспаміны пра папярэднія акцыі "Ноч музеяў", мы з вамі дагэтуль адчуваем водар "Усходняй ночы", нам працягваюць сніцца рамантычныя сны "У французскім стылі", мы весяла і шчасна адмянілі "Апакаліпсіс"… Можа, у гэты раз азірнёмся вакол і знойдзем штосьці вельмі цікавае, трохі забытае і дагэтуль не разгаданае ў нашых беларускіх традыцыях і добрых казках, і ў той жа час вернемся ў свет уласных фантазій і дзіцячых летуценняў...

Як пісаў Ян Баршчэўскі, "… дзядзька мой, пан Завальня, досыць заможны шляхтіч, яго сядзіба растала ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля — Нешчарда, велізарнае возера накшталт марской затокі… Вясна там надзвычай прыгожая; па сенажацях разліваецца вада, і ў паветры над возерам і ў блындах гучаць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю. Пан Завальня меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні бучам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала… Калі хто прыязджаў ды яго, маючы якую патрэбу, ен найласкавей яго прымаў, частаваў, абы толькі той расказваў яму якую казку…".

Такім чынам, 18 траўня мастацкі музей на адзін вечар ператворыцца ў гасцінную і таямнічую хату Шляхціча Завальні, у залах якога знойдуць прытулак шматлікія вандроўнікі і ласкава падзеляцца сваімі фантастычнымі аповядамі. Гэтыя гісторыі, расказаныя на мудрагелістай і загадкавай мове мастацтва, вы зможаце пачуць, прачытаць, убачыць, адчуць, прадбачыць і нават стаць іх неад'емнай часткай. Вы апынецеся ў свеце, дзе ўсё разумеецца літаральна, дзе метафара пазбаўляецца свайго пераноснага значэння, а каламбур такім ужо не адчуваецца, дзе парадокс апыняецца вынікам бездакорнай лагічнай пабудовы. Бо для сучаснага чалавека прорва паміж двума сусветамі — ідэальным і рэальным — непераадольная, і толькі фантазія і іронія, як вольныя гульні розуму, — прызма, скрозь якую рэчаіснасць бачыцца ў любым пераламленні, здольная перакінуць мост з аднаго боку на другі...

Толькі ў гэту ноч у вас з'явіцца магчымасць адшукаць тую самую "папараць-кветку", апетую беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Хто знойдзе запаветную кветку, той зможа зразумець мову мастацтва, яму адкрыюцца месцы схаваных скарбаў і шматлікія іншыя музейныя таямніцы.

Права бясплатна наведаць таямнічую хату Шляхціча Завальні змогуць наведвальнікі ў фантастычным абутку — каб пайсці туды, не ведаю куды, і ў чароўных акулярах — каб убачыць то, не ведаю што.

Акцыя будзе ажыццёўлена пры падтрымцы ЗАТ "Белсвісбанк" і ІЧП "Брытыш-Амерыкан Тобака Трэйдынг Компані".

Афіцыйныя інфармацыйныя партнёры акцыі Інтэрнэт-партал TUT.BY, Нацыянальнае Прадстаўніцтва МТРК "СВЕТ" у Рэспубліцы Беларусь.

Паводле www.artmuseum.by/