Беларускі саліст Павел Пятроў удастоены ІІ прэміі міжнароднага конкурсу Competizione dell Оpera

Саліст Вялікага тэатра Беларусі Павел Пятроў удастоены ІІ прэміі міжнароднага конкурсу выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell Оpera, які прайшоў з 23 па 28 лістапада ў Ташкенце, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.



18ffbaf1_52bd_47ec_a7f9_11cc263cc2bd.jpg

На рахунку ў Паўла Пятрова (малады спявак навучаецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, клас народнага артыста Беларусі, прафесара П.Рыдзігера) перамогі ў некалькіх прэстыжных вакальных конкурсах. У 2013 годзе тэнар быў удастоены ІІ прэміі міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве і І прэміі міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў імя Марыі Біешу ў Кішынёве. У 2014 годзе Павел Пятроў атрымаў залатую ўзнагароду ў намінацыі «Акадэмічныя спевы» на Першых адкрытых маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульнях, якія прайшлі ў рамках культурнага праекта «Дэльфійскі Валгаград-2014″, а таксама заняў ІІІ месца і быў удастоены спецыяльнага прыза «За лепшае выкананне твору Станіслава Манюшкі «на адкрытым конкурсе імя Станіслава Манюшкі «Убельская ластаўка» ў Мінску. У кастрычніку 2014 года Павел Пятроў стаў лаўрэатам ІІ прэміі конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева ў Маскве. На гэтым конкурсе маладому салісту Вялікага тэатра Беларусі была таксама прысуджана спецыяльная стыпендыя ад Фонду Уладзіміра Співакова.

У опернай трупе Вялікага тэатра Беларусі Павел Пятроў з 2012 года. У яго рэпертуары — партыі Ленскага ў «Яўгеніі Анегіне» П.Чайкоўскага, Маладога цыгана ў оперы С.Рахманінава «Алека» і іншыя.

Competizione dell Оpera — адзін з буйнейшых вакальных конкурсаў свету і адзінае пеўчае спаборніцтва, удзельнікі якога прадстаўляюць выключна італьянскі і італамоўны рэпертуар ва ўсёй яго разнастайнасці: ад старадаўняй музыкі да музыкі XX стагоддзя. Папярэднія адборы вакалістаў-канкурсантаў праводзяцца па ўсім свеце.

Гісторыя Competizione dell Оpera пачалася ў 1996 годзе, з 2001 года конкурс асталяваўся ў Дрэздэне, а з 2011-га пачаў праводзіцца ў розных краінах. У 2012 годзе гонару прымаць пеўчае спаборніцтва быў удастоены Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. За гады існавання Competizione dell Opera стаў адным з найбольш аўтарытэтных вакальных конкурсаў у свеце.

У 2014 годзе ў ім прынялі ўдзел маладыя выканаўцы ва ўзросце 20-30 гадоў з Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Азіі. Удзельнікаў ацэньвала прадстаўнічае міжнароднае журы, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі буйнейшых оперных тэатраў свету і вядомыя оперныя выканаўцы.

zviazda.by