Беларусы цяпер з'яўляюцца палітычнай нацыяй, а не этнічнай, лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч
Працэс фармавання беларускай нацыі завершаны, і беларусы сёння — гэта палітычная нацыя, а не этнічная, заявіў на публічнай лекцыі "Пачаць пісаць па-беларуску. Беларускае адраджэнне канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў рэгіянальным і сацыяльным вымярэнні" 17 мая ў Магілёве дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч.
Андрэй Казакевіч
"Беларуская нацыя аформілася. Яна, можа, адрозніваецца ад таго, што ёсць, напрыклад, у Літве ці Польшчы, асабліва што тычыцца мовы. У нас мова аслаблена як чыннік гуртавання беларускай
нацыі. Але 80% насельніцтва Беларусі ідэнтыфікуе сябе беларусамі, мае станоўчае стаўленне да беларускай дзяржавы", — адзначыў палітолаг.
Акрамя таго, паводле слоў навукоўца, існуюць інстытуты, што ўмацоўваюць беларускую палітычную самасвядомасць. Гэта, у першую чаргу, сістэма адукацыі і адміністрацыйныя структуры.
У той жа час Андрэй Казакевіч пазначыў, што завершанасць фармавання нацыі не ёсць нечым нязменлівым. На яго думку, нацыі трансфармуюцца пад уплывам розных фактараў, напрыклад, такіх як палітычная
сітуацыя, змены ў складзе тых ці іншых груп насельніцтва, культурных асаблівасцей.
Аналізуючы першую хвалю беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, што адбывалася ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, Казакевіч падкрэсліў: большасць прадстаўнікоў беларускай эліты тых
часоў паходзіла з мясцін у абшары паміж Мінскам і тагачаснай Вільняй. Пра гэта сведчыць даследаванне інстытута "Палітычная сфера", якое прасачыла лёсы каля сотні дзеячаў беларускага
культурнага руху. Яны зацікавілі даследчыкаў тым, што ў свядомым узросце пачалі пісаць свае творы па-беларуску.
Так, 35 чалавек з іх нарадзілася ў Віленскай губерні, 34 — у Мінскай. У астатніх губернях гэтая колькасць значна меншая — у Гродзенскай — 12, а ў Магілёўскай — 4
чалавекі. Больш за палову літаратараў паходзіла з сялян і шляхты.
Згодна з даследаваннем, беларускі рух сто гадоў таму быў справай маладых — з даследаванай сотні літаратараў 67 нарадзіліся ў 1880—1890 гадах, мелі досыць высокі ўзровень адукацыі,
займаліся навукай, культурай ці выкладаннем.
Андрэй Казакевіч адзначыў, што тэрытарыяльная асаблівасць паходжання большасці дзеячаў беларускага культурнага руху канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў праявілася і падчас першых прэзідэнцкіх
выбараў. У 1994 годзе больш за 30% жыхароў абшару Мінска і так званай Усходняй Віленшчыны аддалі свае галасы нацыянальна-дэмакратычным кандыдатам — Зянону Пазняку і Станіславу
Шушкевічу.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН