Bol Jon Moj — новы поўнафарматны альбом «Лютага сакавіка»
Мінскі дуэт luty sakavik выпусціў поўнафарматны альбом з назвай Bol Jon Moj — 8 песень, якія балансуюць паміж колдвэйвам, сінці-попам і пост-панкам.

Нервовая лірыка, два
кантрастныя вакалы, пакручастыя басовыя лініі і запамінальныя стракатыя
сінтэзатары складаюць фірмовае гучанне "лютага сакавіка", якое з
часоў першага EP Soram (2019) зрабілася больш шчыльным і важкім.
Сярод аўтарскіх кампазіцый на альбоме знайшлося месца
своеасаблівай версіі адной з песень Крамбамбулі, якая вельмі натуральна ўпісалася ў трэкліст. Музыкі Эрык
Арлоў-Шымкус і Уладзь Лянкевіч пісалі альбом самастойна ў адным з мінскіх
тэатраў, а зводзіў яго Алег Даманчук, якi робіць гук, напрыклад, Петле Пристрастия.

Гурт luty sakavik утварыўся ў 2019 годзе, паспеў выпусціць на
лэбле Paliklinika дэбютны міні-альбом, стаць лаўрэатам апошняга фестывалю
"Басовішча" і адыграць шэраг канцэртаў. Пакуль канцэртная дзейнасць
часова замарожана, гурт стаў першым удзельнікам хатніх музычных стрымаў Izalatar.