Чарговая праява «цыбулізацыі». Цяпер пад Валожынам

Капліцы пад Валожынам дадаюць «цыбуліну», якой раней не было.



cybulina.jpg

ЖЖ-карыстальнік puszczanski_pan змясціў два фотаздымкі, якія адлюстроўваюць выгляд капліцы некалькі гадоў таму і за два дні да новага 2014 года
У ХІХ стагоддзі на могілках, што знаходзяцца ў адным кіламетры ад Валожына, была пабудавана каталіцкая капліца ордэна бернардзінцаў.
Яе ўзвядзенне ажыццяўлялася пры дапамозе графа Тышкевіча, тагачаснага ўладальніка горада.
У 1884 годзе ўлады закрылі каталіцкія могілкі, а разам з імі і капліцу. Пратэст вернікаў быў безвыніковы. У 1885-м капліцу перадалі праваслаўным. У часы Заходняй Беларусі яна вярнулася да першапачатковых гаспадароў. Цяпер яна зноў належыць Рускай праваслаўнай царкве.
Капліца звязана з гісторыяй абедзвюх канфесій. Але галоўнае, яна з'яўляецца гістарычным помнікам, які патрабуе захоўвання ў першапачатковым выглядзе.
Напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя ў капліцы пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Іх вынікі традыцыйныя для сучаснай Беларусі.
На вежы дадалася пазалота. А новы купал уяўляе сабой класічную расейскую «цыбуліну».
Такая сітуацыя надзвычай характэрная для Беларусі.
Будынкі цэркваў ці былых касцёлаў з ініцыятывы святароў і з маўклівай згоды мясцовых уладаў перарабляюцца на свой капыл (прычым без дазволу Міністэрства культуры).
Міністэрства ўмешваецца ў справу пастфактум, калі часцей за ўсё ўжо позна штосьці змяняць.
Зрэшты, пратэсты грамадскасці паспрыялі таму, што у 2012-м у Нясвіжскім палацы замянілі вежу-«цыбуліну».

nn.by